У Пінску расьсьледуецца інцыдэнт, які здарыўся 11 верасьня паміж дырэктарам сярэдняй школы № 18 Фёдарам Радзівонам і вучнямі СШ № 10 Дзянісам Ж. і Міхаілам Ц. Бацькі сьцьвярджаюць, што дырэктар пабіў дзяцей. Дырэктар кажа, што дзеці самі выпадкова сутыкнуліся. У інтэрнэце і ў школе пачаліся акцыі ў падтрымку дырэктара.
Відэа самаго канфлікту цяпер недасяжнае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны кажуць: а пайшоў ты...» Дырэктара школы вінавацяць у жорсткім зьбіваньні дзяцейЯк сьцьвярджае ВК-суполка «Пинск ッ Pinsk is love», у падтрымку Фёдара Радзівона вучні і выпускнікі 18-й школы заляпілі адну зь яе сьценаў стыкерамі са словамі падтрымкі дырэктару, намалявалі на асфальце надпісы кшталту «Мы любім нашага дырэктара». Фота акцый падтрымкі публікуе таксама суполка «Признавашки Пинск».
У камэнтарах пад допісамі суполак шэраг карыстальнікаў вінавацяць у канфлікце вучняў, а таксама бацькоў у кепскім выхаваньні дзяцей. Некаторыя выступаюць за тое, каб настаўнікі мелі права біць дзяцей.
Актор Палескага драматычнага тэатру Андрэй Дзьмітрычэнка запусьціў інтэрнэт-акцыю #усыПоддержкиПинск — заклікаў фатаграфавацца з вусамі (як у дырэктара) і выкладаць фота ў сацсеткі з адпаведным хэштэгам. На момант публікацыі пастоў з хэштэгам няшмат, але шэраг «вусатых» фота дзяцей і дарослых публікуюць у камэнтарах да допісу Дзьмітрычэнкі і да паста суполкі «Pinsk is love».
Сам дырэктар Фёдар Радзівон у інтэрвію суполцы кажа, што шкадуе аб здарэньні, ды адзначае, што самі дзеці правакавалі супрацоўнікаў (у тым ліку яго самога: «Ну, стукні мяне»), калі каталіся каля школы на роліках, скейтах і самакатах. На ягоныя спробы запрасіць дзяцей на размову ў школу, кажа ён, пачуў толькі непрыгожыя словы. Паспрабаваў «узяць і завесьці ў школу», але «атрымалася сутыкненьне» – ён адмаўляе, што біў дзяцей.
«Адміністрацыя і настаўнікі ніякім чынам да гэтага [акцый у падтрымку дырэктара. – РС] ня маюць дачыненьня, — сьцьвярджае ў камэнтары суполцы «Признавашки Пинск» вучаніца школы Дар’я Калесьніковіч. — Гэта ўсё было зроблена вучнямі нашай школы. Таму што мы вельмі любім нашага дырэктара. Ён да кожнага вучня падыходзіць і кожнаму дапаможа, ніколі ні ў чым не адмовіць і зробіць усё дзеля сваіх вучняў. Мы гэтак жа зробім усё, каб ён застаўся нашым дырэктарам!»
Аднак дзеці самі публікавалі відэа таго, як супрацоўніцы школы абражаюць дзяцей і пагражаюць ім, калі яны катаюцца каля будынка школы.