Чаму 17 верасьня ня стане нацыянальным сьвятам?

Беласток, канец 1939 году

Здаецца, якая дата лепей пасавала б для нацыянальнага сьвята Беларусі, чым 17 верасьня?

Арыгінал матэрыялу быў выдадзены 17 верасьня 2009 году.

У выніку ўваходу Чырвонай арміі ў Польшчу 17 верасьня 1939 году разарваны напалам беларускі этнас аб’яднаўся. Дзе-нідзе людзі ставілі прывітальныя брамы чырвонаармейцам.

Нават калі гэты энтузіязм быў інсьпіраваны камуністамі з КПЗБ, я дапускаю, што шмат хто зь беларусаў у той дзень мог сапраўды адчуваць радасьць, што «скончылася Польшча».

Бо ў Польшчы 1918-1939 гг., у палітычных і сацыяльна-эканамічных адносінах, беларусы былі грамадзянамі трэцяй катэгорыі. Таму ў верасьні 1939 году яны не шкадавалі падзеньня гэтай дзяржавы.

Праблема з нацыянальнымі сьвятамі аднак у тым, што яны, на больш ці менш сымбалічным узроўні, адзначаюць не заканчэньне нечага дрэннага і чужога, а перш за ўсё пачатак (зараджэньне, адраджэньне, уваскрашэньне) нечага добрага і свайго. А што нацыянальна лепшае пачалося для беларусаў-заходнікаў 17 верасьня 1939 году? На гэтае пытаньне я не знаходжу ўцямнага адказу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 17.09.1939: Чакалі вызваліцеляў, прыйшлі рабаўнікі
Праблема з нацыянальнымі сьвятамі аднак у тым, што яны, на больш ці менш сымбалічным узроўні, адзначаюць не заканчэньне нечага дрэннага і чужога, а перш за ўсё пачатак (зараджэньне, адраджэньне, уваскрашэньне) нечага добрага і свайго.

Прыгадваю ў сёньняшні дзень, што гаварылі ў маёй сям’і пра прыход савецкай улады.

Адзін мой дзед выказваўся пра гэтую ўладу зь непрыхаванай пагардай — так як можа выказвацца гаспадар, які гадамі судзіўся зь іншымі сямейнікамі, каб пабольшыць сваю гаспадарку, а потым, ні з таго, ні зь сяго, павінен быў аддаць яе ў калгас, якім сталі кіраваць тыя, у якіх да таго часу не было ні кавалка сваёй зямлі, ні сваёй хаты.

Што казаў пра саветаў другі дзед— ня ведаю, бо я ня меў нагоды пагаманіць зь ім. Ён у 1940 годзе, разам з ладным гуртам аднавяскоўцаў, быў рэпрэсаваны як „кулак” (на падставе фармальнага даносу, што яны рыхтавалі сабатаж супраць савецкай улады) і сасланы за Ўрал, адкуль на Беласточчыну ўжо не вярнуўся.

А мой бацька распавядаў мне, што савецкія салдаты запомніліся яму перш за ўсё тым, што былі заўжды галодныя, абарваныя і кралі пры кожнай нагодзе.

Марка СССР з сэрыі «Узьяднаньне Заходняй Украіны з УССР і Заходняй Беларусі з БССР (верасень 1939)» (1940 г.)

А мой бацька распавядаў мне, што савецкія салдаты запомніліся яму перш за ўсё тым, што былі заўжды галодныя, абарваныя і кралі пры кожнай нагодзе

Інакш кажучы, у мяне няма ніякага сямейнага матэрыялу, каб падтрымаць ці то нацыянальна, ці то сацыяльна „лепшае пачуцьцё” ў сувязі з 17 верасьня 1939. Беларусамі на Беласточчыне нас зрабілі не савецкія ўлады ў 1939-1941 гг., а польскія камуністы пасьля сьмерці Сталіна. А што тычыцца „вызваленьня”, дык савецкая ўлада нас хутчэй рабавала і саджала ў вязьніцы, чым выпускала адтуль.

Я ня думаю, што мой сямейны досьвед „вызваленьня” — нейкі ўнікальны. Наадварот, калі слухаю галасы сьведкаў таго часу ў сэрыі перадачаў „1939. Верасень” Зьміцера Бартосіка, дык пераконваюся, што гэты досьвед даволі тыповы. „Каб вы ведалі, якая ўлада ідзе, дык вы плакалі б,” — такую ацэнку прыходу савецкай улады ў Заходнюю Беларусь згадвае адна жанчына з перадачы З. Бартосіка. Гэтыя словы мог бы сказаць і мой дзед, і мой бацька.

Прэзыдэнт Лукашэнка мог захацець, каб нацыянальным сьвятам беларусаў стала дата вызваленьня Менску ад немцаў. Бо ўсё ж такі, калі параўноўваць савецкі рэжым з гітлераўскім, у Менск у 1944 вярнулася лепшае жыцьцё. А сьвяткаваць можна лепшае, а ня горшае, праўда? Таму народ, калі і не праявіў ніякага выразнага энтузіязму, дык і ня быў супраць такога сьвята. Таму і „лінію Сталіна” можна было выштукаваць каля Менску, як нейкі такі „постсавецкі дыснэйлэнд”.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вы супраць таго, што тэрыторыя Беларусі павялічылася ўдвая?

Нічога іншага не застаецца, як чакаць, пакуль нацыянальным сьвятам не аб’яўляць 25 сакавіка. На карысьць даты абвяшчэньня БНР прамаўляе адзін неаспрэчны факт: яна нікога не пасылала ў турмы і, такім чынам, нікога не расчаравала.

А вось каб запытаць народ пра 17 верасьня? Безумоўна, пры сучаснай сыстэме рэфэрэндумаў у Беларусі вынік можна атрымаць які заўгодна. Рэч аднак у тым, што ў Беларусі вынік рэфэрэндуму сам сабой, а народная думка — сама сабой. І тыя, што помняць перадваенную Польшчу, ніколі не пагодзяцца ў душы, што да іх у 1939 годзе прыйшло лепшае. І сьвята, інакш чым празь сьлёзы, не атрымаецца.

Дый трэба было б яшчэ публічна прызнацца перад усімі, што ля вытокаў нацыянальнага сьвята стаіць ня толькі добразычлівасьць Сталіна, але і Гітлера. На такое ні народ, ні яго гісторыкі не гатовыя...

Summa summarum: нічога іншага не застаецца, як чакаць, пакуль нацыянальным сьвятам не аб’яўляць 25 сакавіка. На карысьць даты абвяшчэньня БНР — прывіднай дзяржавы, якая нікога не аб’яднала і нікому не палепшыла жыцьця — прамаўляе адзін неаспрэчны факт: яна нікога не пасылала ў турмы і, такім чынам, нікога не расчаравала.

Увесь цыкль перадачаў «1939. Верасень» >>