Падчас ток-шоў, прысьвечанага 100-годзьдзю БНР, прадстаўнік ЛДПБ Алег Гайдукевіч запытаўся ў прадстаўніка БНФ Рыгора Кастусёва: маўляў, раз у зьвязку з БНР ідзе гаворка пра грамадзкую згоду, ці будзеце вы гатовыя ў 2019 годзе сьвяткаваць стагодзьдзе БССР? Сустрэчнае пытаньне — ці будзе да каго далучацца па-за дзяржаўнай ініцыятывай?
Калі каротка — сьвята БНР у Беларусі выстаялі, выхадзілі, і выпратэставалі дзясяткі, калі ня сотні, тысяч людзей за апошнія амаль трыццаць гадоў.
Калі я бачу ў мэдыя і сацсетках пытаньне «Што вы сьвяткуеце? БНР жа толькі дэклярацыя», я кажу: тыя людзі, якія ад Дзядоў 1988 году публічна ўздымаюць бел-чырвона-белы сьцяг і Пагоню, а ад 1989 публічна ўшаноўваюць БНР, не «дэклярацыя». З тых часоў узгадаваліся некалькі генэрацый, для якіх 25 сакавіка — значны дзень. Для кагосьці гэта гістарычнае сьвята, для кагосьці сучаснае, для некага — сьвята пратэсту, для кагосьці наагул Дзень Незалежнасьці.
Для многіх людзей 25 сакавіка — гэта сьвята свайго сталеньня як грамадзяніна, як асобы.
Разам 100-годзьдзе БНР для велізарнай колькасьці людзей — гэта сьвята кавалку жыцьця, калі, рызыкуючы здароўем, свабодай, лёсам, хто як мог сьцьвярджалі сваё «так» сваёй краіне, сваёй дзяржаве, сваім поглядам. Калі жадаеце, для многіх людзей 25 сакавіка — гэта сьвята свайго сталеньня як грамадзяніна, як асобы.
БССР афіцыйна зьнікла ў верасьні 1991 году. У 1995-м адрадзіліся крыху мадыфікаваныя сымбалі і рыторыка БССР, якія існуюць дагэтуль. На мой погляд, для ўлады вонкавая рэінкарнацыя саветчыны мела практычнае значэньне толькі ў кароткі пэрыяд канца 1990-х, калі ў Лукашэнкі была надзея аб’яднацца з Расеяй для стварэньня абноўленага СССР.
Як толькі Расея сама пачала актыўна гуляць на настальгіі па СССР, беларуская ідэалёгія пачала прайграваць. Бо гуляць у тыя самыя вароты, што і Расея, — значыць гуляць не за сябе, а супраць.
Можаце сабе ўявіць, што незалежныя грамадзкія арганізацыі зьвяртаюцца да ўладаў па дазвол на сьвяткаваньне 100-годзьдзя БССР? Тэарэтычна можа быць, але дагэтуль не было нічога падобнага за ўсе гады незалежнасьці. Чаму?
Бо БССР успрымалася, дый успрымаецца большасьцю не як штосьці самастойнае, а як праект і частка СССР. А тады навошта нейкае асобнае сьвята, калі ёсьць афіцыйнае — 7-га лістапада? Так, са школьных падручнікаў вядома, што БССР утварылася 1 студзеня 1919 году, а СССР — 30 сьнежня 1922 году. Фармальна. А рэальна гаворка не пра бюракратыю, а пра рэаліі — пра дзень перамогі бальшавікоў, чыімі помнікамі дагэтуль застаўленая ўся Беларусь.
7-га лістапада практычна ніхто не адзначае, хіба штогод невялікія купкі людзей да помнікаў Леніну ўскладаюць кветкі.
І тут увага: 7-га лістапада практычна ніхто не адзначае, хіба штогод невялікія купкі людзей да помнікаў Леніну ўскладаюць кветкі. Здавалася б — сьвяткуй!
На цяперашні 2018 год мы ў Беларусі маем ужо вялікую колькасьць грамадзян, якім па трыццаць пяць гадоў (плюс-мінус), якія нават раньняга Лукашэнку ня надта памятаюць, бо былі малыя. Што ўжо казаць пра маладзейшых. Ім што Ленін, што Чынгісхан, што БНР, што БССР, што СССР — проста далёкая гісторыя. Але адны выбіраюць БНР як сымбаль, а іншыя ніякія сымбалі не выбіраюць.
Што да «старой гвардыі» электарату Лукашэнкі, цяпер гэта самая небясьпечная для ўлады катэгорыя грамадзян, бо яны блытаюць Лукашэнку і Пуціна. Яны з расейскага (для іх — савецкага) тэлевізара ніколі не вылазілі. Таму ў пэўны імаверны момант для іх «скрыпач будзе не патрэбен», то бок Лукашэнка.
Уся прасавецкая рыторыка ў беларускай дзяржаўнай ідэалёгіі сталася карга-культам: бессэнсоўным паўтарэньнем вонкавых прыкмет незразумелых рухаў у спадзеве на атрыманьне практычнага выніку. У той час як у Расеі з саветчыны атрымалі рэальную карысьць: кансалідацыю грамадзтва вакол ідэі мілітарызму.
Калі ты дыктатар і зьбіраесься жыць да 90 гадоў і назіраць на пэнсіі, як кіруюць твае пераемнікі, ты мусіш разумець, што ўжо праз 10 (а тым больш праз 20) гадоў тых, хто настальгуе па СССР, будзе колькасна блізка да статыстычнай хібнасьці.
Калі ты дыктатар і зьбіраесься жыць да 90 гадоў і назіраць на пэнсіі, як кіруюць твае пераемнікі, ты мусіш разумець, што ўжо праз 10 (а тым больш праз 20) гадоў тых, хто настальгуе па СССР, будзе колькасна блізка да статыстычнай хібнасьці. А таму ўжо цяпер мусіш рабіць нейкія альтэрнатыўныя цяперашняй сытуацыі захады. Напрыклад, «мяккую беларусізацыю». Тую самую беларусізацыю, якую ты дваццаць гадоў таму нішчыў на карысьць саветчыны.
Пакуль што «мяккая беларусізацыя» таксама нагадвае карга-культ. Перахапіць у невялікага грамадзкага моладзевага асяродку «Арт Сядзібы» ініцыятыву і заляпіць усю краіну нацыянальным арнамэнтам — зроблена.
Не замінаць прыватнаму бізнэсу даваць больш рэклямы па-беларуску і наагул выкарыстоўваць нацыянальную тэматыку — ёсьць.
Дазволіць некаторыя імпрэзы да ўгодкаў БНР — ок.
(Яшчэ важна не папсаваць на імпрэзе людзям сьвята. Інакш які сэнс? Да рэпрэсіяў усе і так прызвычаеныя. Сапсаваць імідж БНР і яе прыхільнікаў? Дык больш за два дзясяткі гадоў на тое пакладзена).
Ці выкліча ўсё вышэйназванае зьмену стаўленьня да ўлады? Наўрад ці ў большасьці.
Ці паспрыяе мацаваньню нацыянальнай ідэнтычнасьці? Так.
Дазвол на сьвяткаваньне стагодзьдзя БНР — сур’ёзная заяўка на прынцыповыя зьмены ў нацыябудаваньні, а ў будучыні і на зьмены ў грамадзтве.
Дазвол на сьвяткаваньне стагодзьдзя БНР — сур’ёзная заяўка на прынцыповыя зьмены ў нацыябудаваньні, а ў будучыні і на зьмены ў грамадзтве.
Для каго Дзень БНР — сьвята? Для розных людзей, якіх аб’ядноўвае тое, што ўсе яны адчуваюць сябе актыўнымі грамадзянамі. БНР — гэта і ёсьць сымбаль грамадзянскай актыўнасьці. А 100-годзьдзе БНР празь неверагодную хуткасьць збору сродкаў ды інфармацыйнага і арганізацыйнага валянтэрства сьведчыць, што колькасьць і якасьць актыўнасьцяў павялічваецца, нягледзячы на шматгадовыя перашкоды. Нават на прэвэнтыўныя арышты некаторых вядомых палітычных актывістаў перад Сьвятам Незалежнасьці — перад 100-годзьдзем БНР.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.