Ранкам 15 верасьня ў пракуратуру выклікалі праваабаронцу Алену Масьлюкову і актывіста Анатоля Змітровіча. Пракурор раёна папярэдзіў іх пра адказнасьць за ўдзел ці арганізацыю несанкцыянаваных мерапрыемстваў.
З Аленай Масьлюковай размаўляў пракурор раёна Аляксандр Яўсеенка. Ён паведаміў, што мае апэратыўную інфармацыю — у Сьветлагорску рыхтуецца несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Пракурор спытаўся ў праваабаронцы: ці мае яна дачыненьне да абвестак аб флэшмобе, якія зьявіліся напярэдадні ў горадзе?
«Я маю такое дачыненьне: учора ішла да маці ў Кастрычніцкі мікрараён, бачыла такую абвестку і сфатаграфавала — для сябе», — зазначыла ў камэнтары Свабодзе Масьлюкова.
Яна запэўніла пракурора: нікога на несанкцыянаванае мерапрыемства не заклікала. На флэшмобе плянуе быць як праваабаронца, назіраць за паводзінамі ўдзельнікаў, міліцыі.
«Пракурор ведаў, што мы падалі заяўку на мітынг на 29 верасьня. Я дадала, што і на 30 верасьня таксама заявім масавае мерапрыемства. Хай бы далі людзям выгаварыцца хоць за 2-мэтровай агароджай на стадыёне «Бумажнік!», — дадала праваабаронца.
Стадыён «Бумажнік» — адзінае ў горадзе месца для масавых мерапрыемстваў, якія адбываюцца не з ініцыятывы ўладаў. Пляцоўка знаходзіцца па-за цэнтрам гораду, за 2-мэтровым бэтонным плотам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ім — валютная выручка, нам — смурод і страта здароўя». Улады Сьветлагорска пусьцілі на кітайскі завод грамадзкасьцьАляксандр Яўсеенка вынес праваабаронцы афіцыйнае папярэджаньне пра адказнасьць па артыкуле 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях — за ўдзел ці арганізацыю мітынгаў ці пікетаў без санкцыі ўладаў. Аналягічнае папярэджаньне атрымаў і Анатоль Зьмітровіч.