Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародныя прафсаюзы «разглядаюць у якасьці палітвязьняў» лідэраў прафсаюзу РЭП


Архіўнае фота. Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік на судзе па «справе РЭП», 24 жніўня 2018 году
Архіўнае фота. Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік на судзе па «справе РЭП», 24 жніўня 2018 году

Міжнародны прафсаюз IndustriALL і Міжнародная канфэдэрацыя прафсаюзаў (МКП) зьвярнуліся да прэзыдэнта Беларусі з патрабаваньнем адмяніць пакараньне лідэрам беларускага незалежнага прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку, якіх асудзілі на 4 гады «хатняй хіміі».

У лісьце на імя Аляксандра Лукашэнкі генэральныя сакратары арганізацый — Вальтэр Санчэс і Шаран Бароў — «рашуча асуджаюць рашэньне суду і разглядаюць яго як заснаванае на палітычных матывах», спасылаючыся на сьведчаньні адвакатаў і назіральнікаў IndustriALL. Паводле гэтых сьведчаньняў, на судзе над лідэрамі прафсаюзу РЭП Генадзем Фядынічам і Ігарам Комлікам «не было прадстаўлена ніводнага дакладнага ці законна здабытага доказу».

У лісьце падкрэсьліваецца, што да таго часу, пакуль прысуд будзе заставацца ў сіле, IndustriALL і МКП будуць разглядаць Фядыніча і Комліка ў якасьці палітычных зьняволеных.

Прадстаўнікі міжнародных прафсаюзаў назвалі прысуд лідэрам прафсаюзу РЭП «парушэньнем правоў чалавека і свабоды аб’яднаньняў, што ідзе насуперак унутранаму заканадаўству і міжнародным абавязаньням Беларусі».

Акрамя таго, IndustriALL і МКП лічаць непрымальным, што падчас працэсу пастаянна рабіліся спасылкі на супрацоўніцтва прафсаюзу РЭП з замежнымі і міжнароднымі прафсаюзамі:

«Наяўнасьць міжнародных сувязяў у любога прафсаюза зьяўляецца нармальнай практыкай ва ўсіх цывілізаваных краінах сьвету. У адпаведнасьці з артыкуламі 5 і 6 Канвэнцыі МАП № 87 „Аб свабодзе аб’яднаньняў і абароне права аб’ядноўвацца ў прафсаюзы“, ратыфікаванай Рэспублікай Беларусь, органы ўлады ня маюць права ўмешвацца ў ажыцьцяўленьне правоў арганізацый работнікаў уступаць у міжнародныя арганізацыі, часткай якіх зьяўляецца выплата сяброўскіх складак і магчымасьць атрыманьня міжнароднай фінансавай дапамогі».

Міжнародная канфэдэрацыя прафсаюзаў прадстаўляе 176 мільёнаў працоўных у 155 краінах сьвету. IndustriALL налічвае ў 140 краінах больш за 50 мільёнаў чальцоў, якія працуюць у горназдабыўной, энэргетычнай і апрацоўчай прамысловасьці.

Раней намесьнік генэральнага сакратара міжнароднага прафсаюзу IndustriALL Global Union Кемаль Эзкан, які прысутнічаў на абвяшчэньні прысуду Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку, назваў вырак «прыкрым судзілішчам» і заявіў, што IndustriALL зробіць усе магчымыя захады і крокі дзеля ціску на ўлады Беларусі і максымальна распаўсюдзіць інфармацыю пра гэты суд у Беларусі па ўсім сьвеце.

Суд над лідэрамі РЭП. Што важна ведаць

  • Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка затрымалі 2 жніўня 2017 году. Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка 2017 году.
  • Паводле сьледзтва, на літоўскі рахунак Фядыніча і Комліка ў 2011 годзе паступіла больш за 140 тысяч эўра, якія не праходзілі ў фінансавых справаздачах РЭП.
  • Прафсаюзным актывістам выстаўленыя абвінавачаньні ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» — 23 тысячы рублёў.
  • Паводле гэткага ж артыкула (ч. 2 арт. 243 КК) у 2011 г. праваабаронцу Алеся Бяляцкага асудзілі на 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Фігуранты справы называюць яе «цалкам сфабрыкаванаю».
  • Сьледчыя апыталі больш за 800 актывістаў прафсаюзу РЭП па ўсёй краіне.
  • Праваабаронцы, якія ўважліва сачылі за судовым працэсам, адзначалі, што многія доказы здабытыя ў межах незразумелых і таямнічых працэдураў.
  • 24 жніўня судзьдзя суду Фядыніча і Комліка асудзілі на 4 гады абмежаваньня свабоды без накіраваньня ў папраўчую ўстанову (гэтак званай «хатняй хіміі»).

Што такое «хатняя хімія»? Згодна з арт. 48-1 Крымінальна-выканаўчага кодэксу Беларусі асуджаны, якога пакаралі абмежаваньнем волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, абавязаны: зьяўляцца на выклік крымінальна-выканаўчай інспэкцыі (маюць права выклікаць асуджанага для гутарак, наведваньня выхаваўчых і іншых захадаў); у вольны ад працы ці вучобы час пастаянна знаходзіцца ў сваім жытле або на калядамавой тэрыторыі, не адыходзячы ад жытла далей за адлегласьць, вызначаную інспэкцыяй; з 19-й да 6-й гадзіны быць у сваім жытле; пускаць дамоў супрацоўнікаў інспэкцыі ў любы час інспэкцыя можа наведваць асуджанага на месцы працы або вучобы).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG