«Транснефть»: У 2019 годзе пастаўкі нафты з Расеі ў Беларусь захаваюцца на ўзроўні 18 млн тон

Пастаўкі нафты з Расеі ў Беларусь праз трубаправод у 2019 годзе плянуецца захаваць на ўзроўні бягучага году ў 18 млн тон, паведаміў 13 верасьня віцэ-прэзыдэнт расейскага публічнага акцыянэрнага таварыства «Транснефть» Сяргей Андронаў.

Ён дадаў, што пастаўкі нафтапрадуктаў трубаправодам у 2018 годзе чакаюцца на ўзроўні 140 тысяч тон, заяўка на 2019 год — 180 тысяч тон, адзначаецца ў рэлізе «Транснефти». Асноўны аб’ём нафтапрадуктаў з Расеі ў Беларусь пастаўляецца чыгункаю. У першай палове 2018 году імпарт нафтапрадуктаў з Расеі склаў 2,11 млн тон.

13 верасьня віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Ляшэнка і намесьнік старшыні ўраду Расеі Дзьмітры Козак, якія курыруюць энэргетычную сфэру сваіх краінаў, правялі ў Маскве перамовы. Іх зьмест невядомы.

5 верасьня дырэктар дэпартамэнту падатковай і мытнай палітыкі Міністэрства фінансаў Расеі Аляксей Сазанаў заявіў, што пры пастаўках нафтапрадуктаў у Беларусь расейскі бюджэт недаатрымлівае экспартныя пошліны, але больш такога скрытага субсыдаваньня беларускай эканомікі ня будзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь будзе плаціць за расейскую нафту, як і іншыя краіны

У сваю чаргу, міністар энэргетыкі Расеі Аляксандар Новак падкрэсьліў, што пастаўляць нафтапрадукты ў Беларусь эканамічна нямэтазгодна.

10 верасьня віцэ-прэм'ер Беларусі Ігар Ляшэнка заявіў журналістам, што Беларусь будзе настойваць на захаваньні аб’ёмаў паставак расейскіх нафтапрадуктаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старшыня «Белнафтахіму»: Абмежаваньне паставак нафтапрадуктаў з РФ у Беларусь парушыць прынцыпы Эўразійскага саюзу

У першым паўгодзьдзі Беларусь істотна павялічыла імпарт нафтапрадуктаў з Расеі. Аднак з ініцыятывы расейскага боку ўжо падрыхтавана рашэньне аб тым, што з чацьвёртага кварталу 2018 году Расея абмяжуе пастаўкі Менску нафтапрадуктаў і гатовая пастаўляць іх выключна для задавальненьня ўнутраных патрэбаў Беларусі.

Акрамя гэтага, праект міждзяржаўнага рашэньня прадугледжвае, што на патрабаваньне расейскіх уладаў беларускія прадпрыемствы і дзяржаўныя органы павінны будуць абгрунтоўваць гэтыя ўнутраныя патрэбы.

Міністэрства фінансаў Расеі мяркуе, што пастаўкі нафтапрадуктаў з Расеі ў Беларусь могуць зьменшыцца больш як у 10 разоў і з 2019 году будуць складаць 100–300 тысяч тон за год.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь павялічыла імпарт расейскай нафты і нафтапрадуктаў, але Расея хоча скараціць пастаўкі


Пра страты Менску ад развароту Масквы

У ліпені 2018 году Дзяржаўная Дума Расеі прыняла законапраект аб паступовым скасаваньні мыта на вываз нафты — так званым падатковым манэўры. Гэта азначае, што беларуская эканоміка страціць вуглевадародную «іголку», на якой сядзела больш за 20 гадоў. Расейская нафта для Беларусі будзе каштаваць столькі ж, колькі і для іншых краінаў.

Беларусь зарабляе мільярды на экспарце нафтапрадуктаў

Згодна з дакумэнтам, цягам 2019–2025 гадоў Расея паступова зьнізіць экспартнае мыта на сваю нафту зь цяперашніх 30% да нуля. Адначасова павялічыцца падатак на здабычу гэтай сыравіны. У выніку, адзначаюць экспэрты, Беларусь ня зможа перапрадаваць расейскія вуглевадароды.

Нават пры цяперашніх ваганьнях нафтавых цэнаў Беларусь выйграé да 2,5 мільярда даляраў за год, закупляючы яе ў Расеі — гэта прыкладна 5% ад валавога ўнутранага прадукту.

З 24 мільёнаў тон расейскай нафты прыкладна 6 мільёнаў рээкспартуецца з нацэнкай у краіны Эўразьвязу. Большая частка з астатніх 18 мільёнаў тон пасьля перапрацоўкі ў Мазыры і Наваполацку таксама ідзе на замежны рынак. Усё гэта прыносіла значныя даходы. Але ад наступнага году нафтавыя субсыдыі пачнуць істотна «абразацца».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад «падатковага манэўру» Расеі Беларусь будзе страчваць каля 1,5 мільярда даляраў штогод
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што такое расейскі нафтавы падатковы манэўр і чым ён пагражае Беларусі