Эўразьвяз падоўжыў на паўгода індывідуальныя санкцыі супраць шэрагу грамадзян Расеі і сэпаратыстаў Данбасу, якіх падтрымлівае Расея, паведаміў карэспандэнт Радыё Свабода Рыкард Ёзьвяк.
У чорным сьпісе знаходзяцца 155 фізычных асобаў і 44 кампаніі. Яны зьвязаныя з анэксіяй Крыму або канфліктам на ўсходзе Ўкраіны. Сярод штрафных захадаў — забарона на ўезд і замарожваньне банкаўскіх рахункаў.
Супраць Расеі дзейнічае цэлы шэраг санкцыйных пакетаў Эўразьвязу — эканамічныя і індывідуальныя абмежавальныя захады, а таксама санкцыі ў дачыненьні анэксаванага Расеяй паўвострава Крым. Сярод іншага, эўрапейцам забаронена інвэставаць у Крым, купляць там нерухомасьць і пастаўляць туды розныя тавары.
Санкцыі Эўразьвязу супраць краіны Эўразьвязу — першы выпадак у гісторыі
12 верасьня Эўрапейскі парлямэнт таксама прыняў рашэньне пачаць працэдуру ўвядзеньня дысцыплінарных санкцый супраць Вугоршчыны за «сыстэматычныя» парушэньні яе ўрадам асноватворных каштоўнасьцяў Эўразьвязу ў сфэры правоў чалавека, дэмакратыі і барацьбы з карупцыяй, паведамляе сайт Эўрапарлямэнту. Гэта першы падобны выпадак у гісторыі ЭЗ.
За пачатак працэдуры прагаласавалі 448 дэпутатаў, супраць — 197, 48 устрымаліся. Гэтая працэдура можа прывесьці да таго, што Будапэшт страціць права голасу ў Радзе Эўразьвязу.
У тэксьце рэзалюцыі гаворыцца, што ў эўрапарлямэнтароў выклікае пытаньні ўнутрыпалітычнае становішча ў Вугоршчыне, у тым ліку функцыянаваньне выбарчай сыстэмы, карупцыя, судовая незалежнасьць, свабода выказваньня думак, карупцыя, правы меншасьцяў, асноўныя правы мігрантаў і ўцекачоў і інш.
Запуску санкцыйнага мэханізму папярэднічаў даклад галяндзкага дэпутата ад фракцыі «зялёных» Джудыт Саргентыні, якая абвінаваціла Будапэшт у адмове прытрымлівацца эўрапейскай палітыкі ў галіне міграцыі, а таксама ў парушэньнях нормаў прававой дзяржавы. Да абвінавачваньняў далучыўся першы намесьнік старшыні Эўракамісіі Франс Тымэрманс.
У сваю чаргу прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан адказаў, што не дазволіць прыхільнікам міграцыі «шантажаваць» краіну.