Пазытыву — як у Іраку. 4 з 10 апытаных у Беларусі ня мелі цягам дня ні пазытыўных, ні нэгатыўных эмоцыяў. Такая ж сытуацыя ў Азэрбайджане і Емэне.
Інстытут Гэлапа расказаў пра вынікі дасьледаваньня Global Emotions Report 2018 году.
Людзей са 147 краінаў спыталі, як прайшоў іхны дзень: ці ўчора добра адпачылі, шмат усьміхаліся, даведаліся нешта цікавае, адчувалі павагу іншых, перажылі боль, стрэс, сум, злосьць?
Тэлефонныя і асабістыя апытаньні праводзіліся ў 2017 годзе сярод людзей, старэйшых за 15 год, па 1000 чалавек на краіну. Апытаньні не праводзіліся ў Анголе, Папуа — Новай Гвінэі, Паўночнай Карэі, Самалі, Судане і некаторых іншых краінах.
«Як справы? Нічога»
Найбольш пазытыўных адказаў было ў Парагваі, Калюмбіі, Эль-Сальвадоры і Гватэмале (Паўднёвая Амэрыка наогул самая пазытыўная частка сьвету). Найбольш нэгатыўных — у Цэнтральнай Афрыканскай Рэспубліцы, Іраку, Паўднёвым Судане, Чадзе і Сьера Леонэ.
Беларусь аказалася сярод самых безэмацыйных краінаў — няшмат было ні пазытыўных, ні нэгатыўных адказаў. Па ўзроўні пазытыву Беларусь суседнічае з Іракам, Эгіптам, Сэрбіяй і Чарнагорыяй, па нэгатыве — з Баўгарыяй, Маўрыкіем, Нідэрляндамі і Новай Зэляндыяй. Аж 4 з 10 апытаных не давалі ні пазытыўных, ні нэгатыўных адказаў — такая ж сытуацыя ў Азэрбайджане і Емэне.
Сумарны «рэйтынг пазытыву» ў сьвеце не асабліва зьмяніўся за апошнія 10 гадоў: вагаўся на ўзроўні 68–71 «балу станоўчага досьведу», 69 балаў у апытаньні 2017 году. Ды «рэйтынг нэгатыву» падскочыў: калі ў 2007-м было 23 «балы адмоўнага досьведу», у 2008–2011 гадах 24, то пасьля «нэгатыў» стаў расьці, дасягнуўшы 30 балаў у 2017-м.
Што гэта ўсё значыць, навукоўцы ня ведаюць дакладна. У самых нэгатыўных краінах, зразумела, найбольш праблем. Але самыя пазытыўныя — далёка ня самыя заможныя або стабільныя.
Самыя безэмацыйныя — вельмі разнастайныя (Расея і Манголія суседнічаюць зь Нідэрляндамі і Швэцыяй). Верагодна, адказы залежаць ня толькі ад фактычнага стану чалавека, але і ад культуры і традыцыяў краіны, пішуць дасьледчыкі.