Кулямёт, 6 аўтаматаў, 32 гранаты, 268 бомбаў… У гаражы жыхара Гарадзеі знайшлі цэлы арсэнал

Арсэнал з Гарадзеі

Начальнік ЦЭЦ Гарадзейскага цукровага камбінату, 48-гадовы Леанід Штэйн быў затрыманы 7 верасьня, калі перавозіў 16 патронаў калібру 9 мм. Як піша Tut.by, у ягоным гаражы знайшлі цэлы арсэнал агнястрэльнай зброі.

Абноўлена: Міністэрства ўнутраных справаў пацьвердзіла знаходжаньне арсэналу. Толькі малая частка зброі была зарэгістраваная.

Паводле МУС, у час затрыманьня 7 верасьня ў мужчыны знайшлі перароблены (тунінгаваны) аўтамат Калашнікава з глушыльнікам, пісталеты Макарава і ТТ, некалькі зараджаных магазінаў да іх, вінтоўку невядомай мадэлі, 4 ручныя гранаты, тры выбуховыя пакеты і «сотні патронаў рознага калібру».

У час ператрусу ў ягонай кватэры, гаражы і службовым памяшканьні знайшлі кулямёт, 5 аўтаматаў, 10 вінтовак, два наразныя карабіны, чатыры гладкаствольныя стрэльбы, 12 пісталетаў, 28 гранат, 265 выбуховых прыстасаваньняў, каля 2 кг выбухоўкі і блізу 10 тысяч патронаў рознага калібру.

***

Як пісаў Tut.by, цэлы дзень 8 верасьня ў кватэры, гаражы і кабінэце затрыманага праводзіліся ператрусы. Паводле ч. 2 арт. 295 КК мужчыну пагражае да 7 гадоў турмы з магчымай канфіскацыяй маёмасьці. Ды відавочцы кажуць, знайшлі значна больш.

Відавочца ператрусу казаў, што ў затрыманага ў гаражы былі папяровыя мішэні людзей з тварамі (хоць «звычайна людзі страляюць па круглых мішэнях»), прынамсі адна мішэнь была прастрэленая. Баявую зброю, сьцьвярджаюць мясцовыя, знайшлі і ў сэйфе працоўнага кабінэту начальніка ЦЭЦ на цукровым заводзе.

Суседзі затрыманага сьцьвярджаюць, што ён «шмат гадоў служыў у дэсантных войсках, а калі вярнуўся, стаў рабіць нажы, дзяржальны, калекцыянаваў халодную зброю, быў паляўнічым»; сьцьвярджаюць, нібы на заводзе ён нават вырабіў самаробны пісталет. Адны апісваюць яго як «нармальнага, ціхага і спакойнага», другія — як «замкнутага і скрытнага чалавека бязь блізкіх сяброў».

Жонка Леаніда Штэйна пацьвердзіла Tut.by, што ён затрыманы, але адмовілася расказаць падрабязнасьці. Сьледчы камітэт пакуль не камэнтаваў затрыманьня.