Сьцяг з Пагоняй зьявіўся на полі Аршанскай бітвы. ФАТАФАКТ

На ўгодкі бітвы пад Воршай на полі, дзе ў 1514 годзе адбылася пераможная бітва пад кіраўніцтвам гетмана Канстанціна Астроскага, невядомыя ўсталявалі сьцяг з Пагоняй.

Гэта афіцыйны сьцяг Віцебскай вобласьці. «Апаганьваньне, зьнішчэньне яго або пашкоджаньне караюцца ў адпаведнасьці з законам», — напісана на шыльдачцы, прымацаванай побач.

Бел-чырвона-белыя сьцягі, якія раней усталёўвалі побач з каменем-валуном, што адзначае месца бітвы, зьнішчалі міліцыянты. Імаверна, сьцяг з Пагоняй зьявіўся тут у якасьці альтэрнатывы — як увасабленьне нацыянальнай сымболікі, якую ўжо ня зьнішчыць гвалтоўнымі мэтадамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 прычын, чаму поле бітвы пад Воршаю магло б стаць must-see для турыстаў

Гістарычная бітва пад Воршай адбылася 8 верасьня 1514 году. Вынік яе вядомы: войска на чале зь вялікім гетманам Вялікага Княства Літоўскага Канстанцінам Астроскім перамагло ўтрая большае войска Маскоўскага княства.

Your browser doesn’t support HTML5

Самая значная перамога войска ВКЛ над Масквой. 8 верасьня — угодкі Аршанскай бітвы

На ўгодкі бітвы на Крапівенскае поле традыцыйна прыяжджаюць аршанскія актывісты. У 2014 годзе нават былі спробы ўрачыста адзначыць 500-я ўгодкі бітвы. Пра гэтую дату сьведчыць надпіс на вялікім валуне. Побач яшчэ валуны, з выявамі і імёнамі славутых ваяроў і грамадзкіх дзеячоў ВКЛ — Астроскага, Сапегі, Радзівіла.

Помнік, камяні з выявамі і надпісамі, драўляны пяцімэтровы крыж на полі — усё гэта зроблена неабыякавымі людзьмі, якія шануюць беларускую гісторыю. Улады аніякім чынам не прычыніліся да ўшанаваньня гістарычных падзеяў. Наадварот: якраз напярэдадні чарговых угодкаў ахвотныя трапіць на месца бітвы нярэдка сутыкаюцца зь перашкодамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Поле Аршанскай бітвы праз 503 гады