Чыноўнікі двойчы папрасілі Google правільна называць беларускія гарады і вуліцы

Правільная (Kastryčnickaja) і няправільная (Oktyabr'skaya) трансьлітарацыя беларускіх геаграфічных назваў на Google Maps

Дзяржаўны камітэт па маёмасьці Беларусі адказаў на пэтыцыю, у якой карыстальнікі прасілі разабрацца зь няправільным адлюстраваньнем геаграфічных назваў у краіне на мапах Google.

У пэтыцыі карыстальнікі зьвярталі ўвагу на тое, што Google Maps да 2017 году адлюстроўваў геаграфічныя назвы Беларусі адпаведна беларускаму заканадаўству і рэкамэндацыям ААН (лацінкаю, паводле гэтай інструкцыі). Але «на дадзены момант пачалася актыўная і непісьменная замена раманізаваных назваў на трансьлітараваныя расейскамоўныя і зрэдку беларускамоўныя зь вялікай колькасьцю памылак».

У прыклады прыводзіліся назвы накшталт prospekte Pobededitele (так назвалі на Google Maps тое, што павінны былі б назваць praspiekt Pieramožcaŭ) і 1-Y Tvordy Pereulok (правільна 1-y Cviordy zavulak).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Yanki, idzitse damow. Афіцыйныя беларускія сайты ігнаруюць закон пра лацінку
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ысгод. У падручніку беларускай мовы наблыталі з трансьлітарацыяй

На гэта ў Дзяржкамаёмасьці адказалі, што ў лютым ужо высылалі ў Google рэкамэндацыі аб правільнай лацінізацыі беларускіх назваў, а пасьля пэтыцыі накіравалі паўторны зварот.

Пры гэтым у адказе адзначылі, што Google — замежная арганізацыя, якая ня мае прадстаўніцтва ў Беларусі, таму беларускае заканадаўства ў адпаведнай сфэры на яе не распаўсюджваецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры прычыны перайсьці на лацінку