Ужо месяц суд разглядае справу аб сьмерці салдата ў Печах. Апыталі каля сотні чалавек. Аднак застаюцца незразумелыя моманты.
Як Коржыч зьнік з мэдпункту
Суд па справе Коржыча. Коратка
Абвінавачанымі ў «справе Коржыча» прызнаныя трое сяржантаў зь ягонай роты, якія, паводле сьледзтва, давялі салдата да самагубства. Антона Вяжэвіча і Ягора Скуратовіча вінавацяць ва злоўжываньні ўладай, атрыманьні хабару і перавышэньні службовых паўнамоцтваў. Яўгена Бараноўскага ў дадатак да гэтага ў крадзяжы.
Маці Аляксандра Коржыча Сьвятлана лічыць, што яе сын стаў ахвяраю забойства. Прычынай злачынства, перакананая яна, стала нежаданьне сына плаціць сяржантам грошы за знаходжаньне ў мэдычнай роце. Саслужыўцы загінулага салдата, апытаныя пракурорам і суддзёй, таксама ня вераць у самагубства.
Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.
Апошні дзень жыцьця Аляксандра Коржыча (а дакладней, раніца) уяўляе для суду вялізную цікавасьць. Аднак акурат пра яго вядома ня так шмат. На працэсе высьветлілі, што прыкладна ў 10 раніцы 26 верасьня Коржыча бачылі ў чарзе на выпіску ў мэдычнай роце. Ён атрымаў свае дакумэнты, стаў у шэраг вайскоўцаў, якіх арганізавана павялі ў мэдпункт для адпраўкі па падразьдзяленьнях. Далей пачынаюцца рознагалосьсі.
16 жніўня на працэсе апытвалі пацярпелага Міхаіла Казачэнку. Падчас папярэдняга сьледзтва ён расказваў, што ня меў блізкіх адносінаў з Коржычам і нічога ня ведае пра абставіны яго сьмерці. Аднак у судзе ўзгадаў, што выпадкова стаў сьведкам выпіскі Коржыча з мэдроты. У канцы верасьня Казачэнка ляжаў у мэдпункце, і яго накіравалі ў мэдроту здаваць аналізы. Назад у мэдпункт Казачэнка ішоў разам зь дзясяткам іншых салдат, у тым ліку з Коржычам.
«Сяржант, ня памятаю ягонага прозьвішча, павёў нас назад у мэдпункт, — сказаў Казачэнка. — Гэтага сяржанта няма сярод абвінавачаных. Калі мы прыйшлі на месца, Коржыча з намі ўжо не было. Ён проста зьнік. Сяржант ня бачыў гэтага».
Іншы сьведка, Аляксандар Кудра, сьцьвярджае, што Коржыч да мэдпункту ўсё ж дайшоў і нават каля гадзіны чакаў там пад прахадной, пакуль яго забяруць у сваю роту.
«Мы пайшлі ў мэдпункт ад мэдроты строем, чалавек 10 нас было, — сказаў Кудра. — Коржыч быў пастаянна каля мяне. Дайшлі так да мэдпункту, былі на першым паверсе разам зь ім. Трапілі да фэльчара, там былі нашыя дакумэнты ўжо. Але фэльчар не магла дазваніцца ў роту, тэлефон не працаваў. Пасьля мяне забраў чалавек з маёй часткі. Хто забіраў Коржыча, я ня ведаю. Ён сядзеў на калідоры, чакаў».
Вядома, што вярнуцца ў сваю роту самастойна Аляксандар Коржыч ня мог, гэта парушэньне працэдуры. Згодна зь ёй па салдата абавязкова павінен прыйсьці нехта зь ягонага падразьдзяленьня, звычайна сяржант. Незразумеласьць сытуацыі яшчэ і ў тым, што фэльчар мэдпункту Дар’я Хадасевіч адмаўляе праблемы з сувязьзю ў той дзень. Яна сьцьвярджае, што тэлефон быў спраўны і дазваніцца ў роты можна было. Яна гэта рабіла і прасіла забраць усіх выпісаных з мэдроты салдат. Але ня памятае, ці дазванілася.
«Я ня памятаю, што сказаў праз тэлефон днявальны з роты Коржыча, — сказала Хадасевіч. — Ня памятаю, ці дазванілася. Ня ведаю, ці прыйшоў нехта забраць Коржыча. Я пайшла правяраць сталоўку. Магчыма, яго нехта тады забраў».
Яшчэ менш зразумелага ў тым, як у частцы маглі не заўважыць тыднёвага зьнікненьня салдата. Суду пакуль не ўдаецца высьветліць, хто дакладна вінаваты ў гэтым. Супрацоўнікі мэдпункту сьцьвярджаюць, што зрабілі ўсё правільна і вінаватае кіраўніцтва роты Коржыча. Лейтэнант Сукавенка і прапаршчык Вірбал даводзяць, што званка з мэдпункту ў роту не было і вінаватыя мэдыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён проста зьнік». Што на судзе расказалі пра апошнія дні жыцьця КоржычаЦі быў Коржыч псыхічна здаровы?
Такое пытаньне прагучала ў залі суду не адзін раз. Адназначнага адказу на яго суд таксама так і не атрымаў.
Вядома, што за тыдзень да сьмерці Коржыча двойчы, у Барысаве і Менску, аглядалі псыхіятры. Пры гэтым афіцэры часткі на судзе так і не патлумачылі, чаму салдата накіроўвалі да іх, калі ён скардзіўся толькі на боль у сэрцы.
«Каб адрозьніць хворага чалавека ад здаровага, шмат часу ня трэба, — сказала на працэсе псыхіятар Вайсковага шпіталя ў Менску Ніна Бубенчык. — Калі б нешта было ў Коржыча, я б адзначыла гэта. Як мінімум мы б выклікалі яго яшчэ на адну сустрэчу. Ухіленьня ад службы ў Коржыча не было, сымуляцыі не было. Я ня так часта пішу дыягназ „псыхічна здаровы“. Толькі калі я цалкам упэўненая ў гэтым».
Тое самае на судзе сказаў і барысаўскі псыхіятар Павал Зарэцкі. Ён паведаміў, што Коржыч зьдзівіўся агляду ў псыхіятра, скардзіўся толькі на боль у сэрцы і нічога не казаў пра нестатутныя адносіны.
Іншыя паказаньні даў на працэсе Аляксей Алекса, экспэрт-псыхіятар зь Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз. На думку экспэрта, у Коржыча была саматафорная вэгетатыўная дысфункцыя. Сваю выснову экспэрт зрабіў на падставе вывучэньня паказаньняў саслужыўцаў і сьведак, якія расказвалі пра апошнія дні жыцьця Коржыча падчас допытаў у СК. Фактычна выснова рабілася завочна і пасьмяротна — Алекса не размаўляў з Коржычам асабіста і нават ніколі ня бачыў яго.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За тыдзень да сьмерці быў псыхічна здаровы». Сьцісла пра асноўнае з працэсу ў справе КоржычаПаводле псыхіятра, праявамі такога захворваньня маглі быць скаргі на боль у сэрцы, бяссоньне, нежаданьне камунікаваць зь людзьмі. Акурат на гэта скардзіўся Коржыч у верасьні 2017 году. У той жа час Алекса прызнае, што сама па сабе саматафорная вэгетатыўная дысфункцыя — захворваньне кароткачасовае і дастаткова лёгкае, і такі вынік, як самагубства, для яго не характэрны.
«Дадзены псыхічны разлад не зьвязаны зь дзеяньнямі трэціх асобаў, — сказаў на працэсе Алекса. — Для яго не характэрныя суіцыдальныя паводзіны. 26 верасьня (у дзень сьмерці. — РС) ніякіх сымптомаў псыхічнай хваробы ў Коржыча не было. Але псыхічна здаровых людзей, якія зьдзяйсьняюць самагубства, вельмі вялікая колькасьць».
Сам ці ня сам павесіўся?
Цела Аляксандра Коржыча знайшлі ўвечары 3 кастрычніка павешаным у вэнтыляцыйным памяшканьні падвалу будынку мэдычнай роты. Памеры падвалу — прыкладна мэтар на тры, вышыня — крыху больш за два мэтры. Электрычнага асьвятленьня ў ім няма. Труп вісеў на армейскім тэкстыльным рэмені, на галаве — разарваная і зьвязаная вузлом майка. Ногі зьвязаныя шнурком ад берцаў. Побач з павешаным на падлозе не было нічога, на што можна стаць, каб улезьці ў пятлю. Ні сьлядоў барацьбы, ні пасьмяротнай запіскі сьледчыя на месцы здарэньня таксама не знайшлі.
«Я лічу, што ён ня сам павесіўся, — сказаў на працэсе ўрач хуткай дапамогі Тадэвуш Штукін, які прыяжджаў на месца канстатаваць сьмерць салдата. — Ногі зьвязаныя, высока вісіць. Як так? Гэта мая асабістая думка, труп я дэталёва не аглядаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За час маёй службы гэта трэці выпадак». На судзе па справе Коржыча дапыталі вайсковага псыхолягаАпытваючы сьведак-псыхіятраў, судзьдзя акцэнтаваў увагу на спосабе самагубства. Ніхто зь іх не сказаў, што ўжо сутыкаўся з такімі выпадкамі альбо што ведае пра іх зь літаратуры. Хутчэй наадварот.
«Для пацыента, які зьдзейсьніў самагубства, гэта былі вельмі складаныя дзеяньні, — казала на працэсе псыхіятар Вайсковага шпіталя Ніна Бубенчык. — Вельмі ўскладнены суіцыд, вельмі шмат лішніх дзеяньняў, на мой суб’ектыўны погляд».
Калега Бубенчык Павал Зарэцкі таксама адзначыў, што суіцыд людзі часта зьдзяйсьняюць у стане афэкту. У дадзеным выпадку пра гэта няма гаворкі, бо заўважныя працяглыя дзеяньні. Трэба было распрануцца, зьняць майку, апрануцца зноў, разарваць майку, завязаць яе ў сябе на галаве, а перад гэтым у поўнай цемры, маючы толькі сьвятло ад запальнічкі, замацаваць на столі пятлю.
У матэрыялах справы ёсьць вынікі правядзеньня адразу некалькіх сьледчых экспэрымэнтаў на месцы здарэньня. Паводле іх, Коржыч мог падвесіць пятлю да столі, а пасьля самастойна, абапіраючыся нагамі і сьпінай аб сьценкі памяшканьня, дабрацца да пятлі і прасунуць у яе галаву. Разам з тым побач, каля ўваходу ў памяшканьне, былі драбінкі. Скарыстацца імі было нашмат прасьцей.
Пра тое, што выпадак Коржыча — гэта клясычны суіцыд, на судзе сказаў толькі адзін сьведка — старшы судмэдэкспэрт Сяргей Зорын, які праводзіў першае ўскрыцьцё трупа.
«Гэты труп — клясычны выпадак, — сказаў Зорын. — Людзі вешаюцца празь дзень, я часта аглядаю такія трупы. Маю 22 гады практыкі. Тут я не знайшоў нічога незвычайнага. Ёсьць усе прыкметы таго, што пятля зацягвалася не рукамі, няма сьлядоў барацьбы, нават самых дробных. Нераўнамерная странгуляцыйная баразна, яе глыбіня зьмяняецца — гэта самая дакладная прыкмета таго, што чалавек павесіўся сам, яму ніхто не дапамагаў».
Таксама Зорын сказаў, што сьляды на запясьцях і паколатая «нібы цьвікамі» галава Коржыча — гэта сьляды ўскрыцьця трупа ў моргу. Рукі бінтом зьвязвалі санітары, каб не пашкодзіць іх падчас перамяшчэньня цела. А праколы на галаве засталіся пасьля трэпанацыі чэрапа (яе рабілі дзеля таго, каб агледзець стан мозгу і ўпэўніцца, што Коржыча перад сьмерцю ніхто не аглушыў моцным ударам). Санітары сшывалі скуру, перад тым як аддаць цела родным для пахаваньня.
Па словах экспэрта, яму пэрыядычна даводзіцца сутыкацца з самагубцамі, якія перад павешаньнем зьвязваюць сабе рукі альбо ногі. Як сказаў на судзе Зорын, гэта можа быць зьвязана з жаданьнем пазбавіць сябе апошняй магчымасьці ўратавацца. Таксама самагубцы такім чынам могуць спрабаваць выдаць суіцыд за гвалтоўную сьмерць.
«Імітацыя гвалтоўнай сьмерці можа быць, — сказаў экспэрт. — Але гэта наіўная спроба. Забойцы, калі яны ёсьць, паспрабавалі б зьнішчыць сьляды злачынства. Забралі б шнурок, якім былі зьвязаныя ногі, з сабой».
Па словах Сяргея Зорына, выдаць забойства за самагубства шляхам павешаньня немагчыма. Дасьведчаны экспэрт абавязкова зразумее, што чалавек быў павешаны супраць яго волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта ты яго давёў!» Чаму саслужыўцы Коржыча ня вераць у вэрсію з самагубствамЧаму на працэсе няма ключавых сьведак?
Гаворка пра лекуючага ўрача Коржыча з мэдроты — Чумак — і ягонага самага блізкага таварыша па службе Аліхаджаева. Урач Кацярына Чумак звольнілася са службы неўзабаве пасьля сьмерці салдата, цяпер яе месцазнаходжаньне невядомае. Пракурор так і не дамогся прыводу лекара на паседжаньне. Таму на працэсе зачыталі яе паказаньні, дадзеныя сьледчым адразу пасьля здарэньня.
«25 верасьня я агледзела Коржыча, — казала на сьледзтве Чумак. — Скаргаў на стан здароўя не выказваў. На трывожныя думкі ня скардзіўся, падчас выпіскі тэмпэратура была ў парадку. Апошні раз я яго бачыла 25 альбо 26 верасьня».
Як сказала маці Аляксандра Коржыча Сьвятлана, Кацярына Чумак падчас допытаў у СК паводзіла сябе вельмі эмацыйна, шмат плакала.
Аляксандра Аліхаджаева, зь якім у Коржыча склаліся блізкія адносіны падчас службы ў Печах, пракурор таксама спрабаваў даставіць у суд. Яго прывод на паседжаньне некалькі разоў адкладаўся, а 5 верасьня судзьдзя прыняў рашэньне больш не чакаць і агучыць паказаньні, дадзеныя падчас сьледзтва.
Зь іх вынікала, што Аляксандар Аліхаджаеў сам меў як мінімум дзьве спробы самагубства (альбо іх імітацыі). Адну зь іх пасьля сьмерці бацькі, яшчэ перад службай у войску. Другую — пасьля зьнікненьня Коржыча і за дзень да таго, як яго труп знайшлі ў падвале мэдроты.
«На палігоне гэта здарылася, — казаў Аліхаджаеў сьледчаму. — Мы мелі перапынак, я пайшоў пагуляць па лесе. Знайшоў шнур, зрабіў зь яго пятлю, якую павесіў на дрэва. Сам сеў пад дрэвам і сядзеў там некалькі гадзін. Саслужыўцы заўважылі пятлю і расказалі старшаму. Я не хацеў вешацца, проста так гэта зрабіў».
Пасьля гэтага Аліхаджаеў спачатку трапіў у мэдроту. Пасьля выяўленьня цела Коржыча яго адвезьлі ў Навінкі, затым камісавалі. Пра адносіны Коржыча з таварышамі па службе і сяржантамі Аліхаджаеў у паказаньнях згадвае няшмат, пра падрабязнасьці нестатутных адносінаў ня кажа. Дзе ён цяпер, дакладна не вядома. Маці Аліхаджаева жыве адна ў Ганцавічах. Міліцыянтам, якія прыяжджалі да яе дадому і спрабавалі знайсьці сына для дастаўкі ў суд, яна сказала, што Аляксандар Аліхаджаеў зьехаў у Расею і пра ягоны лёс ёй нічога не вядома.
Справа Аляксандра Коржыча. Што важна ведаць
3 кастрычніка 2017 году 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай ў склепе мэдроты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Некалькі саслужыўцаў Коржыча на паседжаньні паведамілі, што чулі, быццам майка была абматаная скотчам.
5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі сьледзтва назвала суіцыд, але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.
Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?
Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Расьсьледаваньне цягнулася каля 9 месяцаў.
Your browser doesn’t support HTML5
У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.
Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.
Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча
Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.
Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.
У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу.