Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адбыўся нейкі збой». Былы камандзір навучальнага цэнтру ў Печах даў паказаньні на працэсе Коржыча


Палкоўнік Канстанцін Чарнецкі
Палкоўнік Канстанцін Чарнецкі

Начальнік 72-га гвардзейскага аб’яднанага навучальнага цэнтру падрыхтоўкі ў Печах Канстанцін Чарнецкі быў звольнены са сваёй пасады рашэньнем Лукашэнкі праз два тыдні пасьля сьмерці салдата Аляксандра Коржыча.

Суд па справе Коржыча. Коратка

Абвінавачанымі ў «справе Коржыча» прызнаныя трое сяржантаў зь ягонай роты, якія, паводле сьледзтва, давялі салдата да самагубства. Антона Вяжэвіча і Ягора Скуратовіча вінавацяць ва злоўжываньні ўладай, атрыманьні хабару і перавышэньні службовых паўнамоцтваў. Яўгена Бараноўскага ў дадатак да гэтага ў крадзяжы.

Маці Аляксандра Коржыча Сьвятлана лічыць, што яе сын стаў ахвяраю забойства. Прычынай злачынства, перакананая яна, стала нежаданьне сына плаціць сяржантам грошы за знаходжаньне ў мэдычнай роце. Саслужыўцы загінулага салдата, апытаныя пракурорам і суддзёй, таксама ня вераць у самагубства.

Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.

Допыт Чарнецкага ў аўторак 4 верасьня стаў нечаканасьцю. Усяго за некалькі гадзін да гэтага пракурор паведаміў, што Чарнецкі зможа прыбыць на працэс 5 верасьня альбо пазьней.

«Кантраляваць усё немагчыма»

«Трэба добрасумленна працаваць з вайскоўцамі, зыходзячы са Статуту, — заявіў на судзе Канстанцін Чарнецкі. — Дастаткова і часу, і загадаў. Дастаткова проста іх выконваць. Калі я быў камандзірам роты, выконваў усе свае абавязкі і, дзякуй Богу, усе былі здаровыя».

Паводле Чарнецкага, у Печах рабілася дастаткова захадаў, накіраваных на выяўленьне і барацьбу з пазастатутнымі дачыненьнямі. Праца вялася як з шарагоўцамі, так і зь сяржантамі, зь якімі праводзіліся штомесячныя сустрэчы. У вайсковых аддзяленьнях праца з шарагоўцамі вялася штодня.

«Гэтыя дакумэнты ёсьць, вы іх можаце праверыць, — заявіў Чарнецкі. — Вялася праца для выяўленьня схільнасьцяў да суіцыду. Але ў гэтай сытуацыі, падобна, адбыўся нейкі збой».

Канстанцін Чарнецкі расказаў, што Коржыч служыў у новай казарме, праблемы з матэрыяльным забесьпячэньнем салдат там адсутнічалі. Па словах палкоўніка, у выніку аналізу сытуацыі, рота Коржыча не заслугоўвала асаблівага стаўленьня, таму што ня мела больш парушэньняў за іншыя падразьдзяленьні Аб’яднанага цэнтру (агулам у АНЦ у Печах 6 навучальных рот (школ) і дзьве дадатковыя).

«Я быў абавязаны арганізаваць групу кантролю сытуацыі ў цэнтры памерам 4-5 чалавек, — расказаў Чарнецкі. — Яны мусілі кантраляваць розныя аспэкты. Я сам, напрыклад, кантраляваў каравулы, прыём ежы, ранішнія пад’ёмы. Камандзіры мне дакладвалі стан рэчаў, я дакладваў намесьніку міністра абароны. А 8-й раніцы ў мяне зьбіраліся камандзіры, я даваў даручэньні на дзень. Пасьля мы накіроўваліся на заняткі. Як правіла, на самыя важныя: стральба, кіраваньне. Усё, што было зьвязана зь небясьпекай».

Паводле Чарнецкага, камандзіры частак і рот павінны былі кантраляваць пазастатутныя адносіны ў сваіх падразьдзяленьнях. Аднак афіцэры не павінны былі начаваць на тэрыторыі сваёй часткі.

«Магчыма, сяржанты і маглі скарыстацца гэтым, — сказаў Чарнецкі. — Кантраляваць усё, у тым ліку ў начны час, немагчыма. За кантроль на месцы адказвае дзяжурны па роце, у яго абавязкі ўваходзіць паведамляць аб парушэньнях дзяжурнаму па частцы. Але дзяжурны па роце не знаходзіцца на месцы ўвесь час. Калі б я ведаў пра факты парушэньняў, то павінен быў рэагаваць на іх. Мне пра іх было невядома, пра іх не дакладвалі. Прычына тут адна — нізкія маральна-валявыя якасьці».

Падчас суду ў справе Коржыча
Падчас суду ў справе Коржыча

«Усё добра не бывае»

Чарнецкі расказаў на судзе, што часткі ў Печах, на яго думку, даволі спэцыфічныя. Салдаты там не знаходзяцца ўвесь час, яны прыходзяць на вучобу і пасьля сыходзяць. Застаюцца толькі адабраныя для службы там сяржанты, якія таксама ў выніку падзяляюцца па пэрыядах службы.

За мой пэрыяд быў траўматызм, гэта я памятаю

«За мой пэрыяд быў траўматызм, гэта я памятаю, — расказаў Чарнецкі. — Вядома, паміж сяржантамі розныя стасункі. Яны разам жывуць, сябруюць. Магчыма, існавала таксама нейкае пакрывальніцтва паміж імі. Фактаў не было. Але ўсё добра не бывае. Усё добра бывае, калі не працуеш. Праводзіліся выхаваўчыя гутаркі. Пачынаючы з камандзіра вайсковай часткі, сканчаючы сяржантамі. Асабіста я праводзіў. Расказваў пра факты пазастатутных дачыненьняў, пра тое, якія былі пакараньні. Расказваў пра абавязкі, прававое інфармаваньне, ідэалягічная праца».

Як сказаў Канстанцін Чарнецкі, выяўленыя пасьля сьмерці Коржыча факты пазастатутных адносінаў мелі прыхаваную форму. Іх прычынай стала невыкананьне сваіх абавязкаў сяржантамі, там, дзе «праца зь людзьмі бліжэй». А таксама ў сфэры кантролю. Ён таксама расказаў, што сяржанты, у яго разуменьні, ня мелі права выдаваць тэлефоны салдатам нават у вызначаныя для гэтага дні. Гэта ўваходзіла ў абавязкі ротных афіцэраў.

«Пра тое, што былі факты выкупу тэлефонаў, я даведаўся толькі падчас сьледзтва і з інтэрнэту, — заявіў Канстанцін Чарнецкі. — Раней пра іх не было вядома. Але можна дапусьціць, што гэта было рэальна. Да вайскоўцаў прыяжджалі бацькі, сябры».

Канстанцін Чарнецкі таскама расказаў, якім чынам у Печах была арганізаваная праца з бацькамі вайскоўцаў. У асабістых справах салдатаў былі ўсе неабходныя кантакты блізкіх і сяброў. Перад прыняцьцем прысягі вайскоўцам тлумачылі правілы кантактаў зь блізкімі.

«Камандзірам роты было рэкамэндавана даць свае тэлефоны бацькам салдат, — сказаў Чарнецкі. — Таксама салдаты могуць даць нумары афіцэраў, уключна з маім, сваім бацькам. Ня ўсе родныя маюць магчымасьць прыехаць у частку нават на прысягу. Магчымасьць камунікаваньня была. Па меры магчымасьці афіцэры павінны былі размаўляць з бацькамі і цікавіцца ў іх, як праходзіць служба іх сыноў. Наконт Аляксандра Коржыча не паступала ніякай інфармацыі, у сьпісах асаблівых салдат ён не фігураваў».

Чарнецкі расказаў, што толькі ў 3-й школе каля 600 вайскоўцаў. У мэдроце ўтрымлівалася каля 60 чалавек штодзённа. Ён атрымліваў статыстычныя дадзеныя па колькасьці хворых, дынаміцы захворваньняў, аднак канкрэтна пра сытуацыю з Коржычам у канцы верасьня 2017 году ня ведаў.

Аляксандар Коржыч
Аляксандар Коржыч

«Праверылі пульс, каб пераканацца, што салдат мёртвы»

«3-га кастрычніка прыкладна ў 18.00 гадзін паступіла інфармацыя пра тое, што знойдзены вайсковец, — расказаў Чарнецкі. — Я сеў у аўтамабіль, выехаў на месца. Спусьціўся ў падвал, там было цёмна. Прывезьлі ліхтар, я ўбачыў, што адбылося. Зрабіў захады для высьвятленьня асобы. Даў каманду паведаміць у міліцыю, контравыведку, Мінабароны, мэдыкам. Загадаў не пускаць больш нікога. Мэдык пры мне праверыў пульс, каб пераканацца, што салдат мёртвы, што няма надзеі выратаваць. Жанчына, іншыя пабаяліся».

Паводле палкоўніка, на трупе Коржыча не было відаць пашкоджанньняў, ён быў апрануты. На твары была накінутая майка, кепка ляжала на падлозе. За тым, як здымалі труп зь пятлі, палкоўнік назіраў збоку. Гэтым займаліся двое вайскоўцаў, сьледчыя здымаць труп адмовіліся.

Самастойна такое (самагубства — РС) цяжка зрабіць, знаходзячыся ў здаровым розуме

«Самастойна такое (самагубства. — РС) цяжка зрабіць, знаходзячыся ў здаровым розуме, — сказаў Канстанцін Чарнецкі. — Былі, напэўна нейкія праблемы. У калектыве вайсковым, дома, зь дзяўчынай нейкія праблемы. Мне факты невядомыя. Я ня маю права нікога абвінавачваць. Але былі асобы, якія павінны былі паведамляць пра сытуацыю ў роце своечасова, праводзіць працу для недапушчэньня суіцыдаў. У калектыве зьявіліся вайскоўцы, схільныя да парушэньняў. Тэлефоны выдавалі за грошы, прадукты бралі».

Пра сустрэчу з маці Коржыча

Канстанцін Чарнецкі падчас допыту ў судзе таксама расказаў, як адбылася яго сустрэча з маці Аляксандра Коржыча. Па яго словах, яна выказала жаданьне прыехаць у Печы, але не хацела начаваць на тэрыторыі часткі.

Сустрэча камандзіра Аб’яднанага цэнтру са Сьвятланай Коржыч адбывалася сам-насам. Па словах Чарнецкага, аб пазастатутных адносінах у Печах ён упершыню пачуў ад Сьвятланы Коржыч.

«Я падышоў, выказаў спачуваньні, — расказаў Чарнецкі. — Мама была адна. Я слухаў, што яна гаворыць. Хвілін 40, напэўна. Сьвятлане Коржыч пра сьмерць сына паведаміў камандзір часткі. Пачуў, што Сьвятлана ўзгадвае нейкага прапаршчыка, гаворыць пра паборы грашовыя. Пра гэта я пачуў упершыню ад яе. Расказвала пра сына, як ён жыў, як працаваў. Сьвятлана Коржыч называла суму грошай, якую патраціў сын. 500 рублёў, калі я не памыляюся. Асабіста да мяне на той момант яна не выказвала прэтэнзій».

Палкоўнік Канстанцін Чарнецкі быў звольнены з пасады кіраўніка 72-га Аб’яднанага навучальнага цэнтру ў Печах у канцы кастрычніка 2017 году, праз два тыдні пасьля таго, як у падвале мэдыцынскай роты быў знойдзены труп Аляксандра Коржыча. На сваёй пасадзе Чарнецкі прабыў менш за год — з пачатку сьнежня 2016-га. Загад аб звальненьні Чарнецкага з пасады падпісаў асабіста Аляксандар Лукашэнка.

Маці загінулага салдата Сьвятлана Коржыч перад пачаткам працэсу заяўляла, што хацела б бачыць Чарнецкага на лаве падсудных сярод іншых абвінавачаных. Хадайніцтва аб выкліку былога начальніка Аб’яднанага навучальнага цэнтра ў суд падаў пракурор.

Справа Аляксандра Коржыча. Што важна ведаць

3 кастрычніка 2017 году 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай ў склепе мэдроты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Некалькі саслужыўцаў Коржыча на паседжаньні паведамілі, што чулі, быццам майка была абматаная скотчам.

5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі сьледзтва назвала суіцыд, але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.

Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?

Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Расьсьледаваньне цягнулася каля 9 месяцаў.

Асноўныя факты пра справу Аляксандра Коржыча. Відэа
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:58 0:00

У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.

Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.

Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча

Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.

Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.

У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу.

Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча. Храналёгія падзей

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG