Міграцыйная мадэль, якая склалася ў Вэнэсуэле, «нармальная» на думку тамтэйшага ўраду, піша Reuters са спасылкай на заявы віцэ-прэзыдэнткі краіны Дэльсі Радрыґес і прэзыдэнта Нікаласа Мадуры.
Цяпер, паводле зьвестак ААН, за межамі краіны жыве каля 2,3 млн вэнэсуэльцаў, зь іх больш як 1,6 млн чалавек зьехалі з 2015 году (тады агулам насельніцтва ацэньвалася ў 31,1 млн чалавек). Ды Мадура заяўляе, што зьехала ня больш за 600 тысяч, зь якіх «звыш 90% шкадуюць аб гэтым».
ААН сьцьвярджае, што міграцыйны крызіс у Вэнэсуэле, якая сутыкнулася з эканамічным крызісам, гіпэрінфляцыяй і дэфіцытам харчоў, набліжаецца да «крытычнага моманту», параўнальнага з крызісам у Міжземнамор’і.
Радрыгес адказвае, што гэта «спроба ператварыць нармальныя міграцыйныя плыні ў гуманітарны крызіс, каб апраўдаць міжнародную інтэрвэнцыю ў Вэнэсуэлу». Раней вэнэсуэльскія чыноўнікі заяўлялі, што кадры з уцекачамі з краіны на межах з суседнімі дзяржавамі «пастановачныя».
Суседзі Вэнэсуэлы — Калюмбія, Пэру і Эквадор — зьвярнуліся тым часам па міжнародную дапамогу, каб справіцца зь міграцыяй вэнэсуэльцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Працоўных мігрантаў зь Беларусі за год стала на 16% больш ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўмільёна беларусаў жывуць за рысай беднасьці. Хто гэта?