Супрацоўнікі Мазырскага РАУС ідэнтыфікавалі мясцовага жыхара, які падазраецца ў жорсткім абыходжаньні з жывёламі.
Напярэдадні ў міліцыю зьвярнулася жыхарка райцэнтра, якая зьяўляецца прадстаўніцай мясцовых абаронцаў жывёлаў. Яна паведаміла, што ў Мазыры можа пражываць чалавек, які мае дачыненьне да стварэньня відэаролікаў у інтэрнэце аб жорсткім абыходжаньні з жывёламі.
Раней расейскія калегі паведамілі мазырскім абаронцам жывёлаў пра тое, што выкрылі ў беларускім горадзе жывадзёра, які паліваў кацянят кіпнем і расчляняў іх. Катаваньне жывёлаў мужчына здымаў на відэа і выкладаў у інтэрнэце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расчляняў кацянят, заліваў кіпенем. Расейскія абаронцы жывёлаў выкрылі жывадзёра ў МазырыПадчас правядзеньня апэратыўна-вышуковых захадаў супрацоўнікі міліцыі знайшлі магчымага жывадзёра – гэта раней судзімы 27-гадовы жыхар райцэнтру. Яго падазраюць у жорсткім абыходжаньні з жывёлай, паведаміў афіцыйны прадстаўнік Гомельскага УУС Юры Пількевіч.
У міліцыі дадалі, што Сьледчы камітэт ужо завёў у дачыненьні падазраванага крымінальную справу паводле ч.1 арт. 339/1 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Жорсткае абыходжаньне з жывёлай»). Паводле артыкулу, суд можа пакараць вінаватага грамадзкімі работамі, або штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да аднаго году, або арыштам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Законапраект «Аб абыходжаньні з жывёламі» шосты раз вярнулі на дапрацоўку. Камэнтар экспэртаАд нядаўняга часу правы жывёлаў таксама рэгулююцца асобнымі артыкуламі Адміністрацыйнага і Крымінальнага кодэксаў Рэспублікі Беларусь. Першы прадугледжвае пакараньне ў выглядзе папярэджаньня або штрафу, другі — арышту.
Крымінальная адказнасьць за жорсткае абыходжаньне з жывёламі набыла сілу ў 2015 годзе і рэгулюецца артыкулам 339.1 КК. Тады ж супрацоўнікі міліцыі атрымалі права складаць пратаколы і прыцягваць да адказнасьці. Падстава — чалавек зьдзекуецца з жывёлы наўмысна і з падкрэсьленай жорсткасьцю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія правы маюць жывёлы ў Беларусі і краінах Эўразьвязу