Журналістам Tut.by, БелаПАН і Deutsche Welle, якія праходзяць падазраванымі па "справе БелТА", часова забаранілі выяжджаць за межы Беларусі.
На момант публікацыі вядома, што часова выезд зь Беларусі забаранілі:
- Галіне Ўласік;
- Ганьне Калтыгінай;
- Ганьне Ермачонак;
- Дзьмітрыю Бобрыку;
- Ірыне Леўшынай;
- Тацяне Каравянковай;
- Паўлюку Быкоўскаму.
Тэрмін сканчэньня забароны невядомы, яго вызначаць сьледчыя, сказала Свабодзе Каравянкова. Раней гэтыя журналісты далі падпіску неразгалошваньні.
27 жніўня журналістаў, якія праходзяць па «справе БелТА», масава выклікалі ў Сьледчы камітэт. Галоўная рэдактарка інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Ірына Леўшына пагадзілася на прызначэньне экспэртызы кампутэрнай тэхнікі, якую канфіскавалі падчас ператрусу ў кватэры журналісткі і офісе БелПАН, піша выданьне.
24 жніўня рэдактару Finance.tut.by Дзьмітрыю Бобрыку зьмянілі статус са сьведкі на падазраванага, піша Tut.by.
«Справа БелТА». Што важна ведаць
- У жніўні 2018 году Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
- 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў. Таксама прайшлі ператрусы ў офісах парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.
- Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
- Галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву 4 сакавіка аштрафавалі агулам на 13 650 рублёў.
- Беларуская журналісцкая супольнасьць, міжнародныя арганізацыі і ўрады заходніх краін асудзілі затрыманьні журналістаў, ператрусы ў рэдакцыях і прысуд Золатавай.