Міністры абароны Ірану і Сырыі 27 жніўня падпісалі пагадненьне аб вайсковым і тэхнічным супрацоўніцтве. Пра гэта паведаміла іранскае выданьне Tasnim.
Напярэдадні іранскія СМІ паведамлялі, што міністар абароны Ірану генэрал Амір Хатамі прыбыў у Сырыю з двухдзённым візытам.
26 жніўня Хатамі правёў перамовы з прэзыдэнтам Сырыі Башарам Асадам і сырыйскім міністрам абароны Алі Абдулой Айюб.
«Сырыя выходзіць з крызісу і ўваходзіць у фазу аднаўленьня», — заявіў міністар абароны Ірану і дадаў, што пагадненьне паміж Тэгеранам і Дамаскам вызначае асноўныя прынцыпы супрацоўніцтва паміж дзьвюма краінамі ў галіне абароны.
Іран разам з Расеяй прадастаўляе Башару Асаду вырашальную падтрымку падчас сямігадовай вайны ў Сырыі, якая пачалася як грамадзянская вайна.
Канфлікт у Сырыі пачаўся ў 2011 годзе пасьля «арабскай вясны» і акцый пратэстаў супраць прэзыдэнта краіны Башара Асада. Па дадзеных ААН, грамадзянская вайна ў Сырыі ўжо забрала жыцьці 400 тысяч чалавек і прымусіла 5,6 мільёнаў сырыйцаў бегчы са сваёй краіны.