23 жніўня споўнілася 79 гадоў зь дня падпісаньня пакту Молатава-Рыбэнтропа — пагадненьня аб ненападзе паміж Нямеччынай і Савецкім Саюзам.Спэцыяльна для Свабоды піша першы кіраўнік незалежнай Літвы Вітаўтас Ландсбергіс.
Пакт Молатава-Рыбэнтропа, гэта быццам бы агульнапрынятае, папулярнае, аднак не зусім дакладнае вызначэньне.
Дамовіліся дзьве дыктатуры, якія мелі сваіх правадыроў-фюрэраў. Ані Молатаў, ані Рыбэнтроп не былi фюрэрамі. Таму «Пакт Гітлера-Сталіна» зьяўляецца больш дакладнай назвай угоды, хоць яна можа і не спадабацца спадкаемцам. Брытанскія мэдыі ў той час карысталіся яшчэ больш дакладным вызначэньнем «Communazi Pact», акцэнтуючы не асобы, а злачынныя палітычныя сыстэмы, якія мелі, дарэчы, агульныя бесчалавечна-сацыялістычныя (псэўдасацыялістычныя) карані.
На справе гэта была змова пачаць вялікую вайну з мэтай паняволіць і абрабаваць суседнія народы, пазбавіць іх дзяржаўнасьці і ўсталяваць новыя пашыраныя валоданьні заваёўнікаў. Такім чынам, сілай перарабіць палітычную карту Эўропы (пакуль што) за кошт больш слабых краін, якія ня здолелі аб’яднацца ў альянсы самаабароны.
«Дамова аб дружбе» была дамовай пра вайну, у якой новыя саюзьнікі абавязаліся не дапамагаць трэцяй краіне, калі на яе нападзе адна з удзельніц угоды.
Празрыста мелася на ўвазе Польшча, ненавісная для абедзьвюх дыктатур і дзяржаваў. Потым ужо Фінляндыя, Румынія, Балтыйскія дзяржавы.
Курʼёзна, што рабаўнікі на вялікай дарозе, якія загадзя і пасьля паляваньня дзялілі здабычу, стараліся зьвязаць «саюзьніка» сумеснай дамовай, прычым ратыфікаванай у ліпавым парлямэнце той жа СССР. Так, на патрабаваньне Гітлера, таварыш Сталін у апошні дзень вакацый, напярэдадні нямецкага нападу на Польшчу, склікаў сваіх небаракаў-дэпутатаў на сэсію, якая дадаткова гарантавала свабоду рук для Рэйху.
На стол клаліся ўжо пераробленыя карты Эўропы, а Сталін прыглядаўся ў напрамку Балканаў, нават Ірану.
Калі ліха зьмяняецца шкала «інтарэсаў», то паперкі нічога не каштуюць, нават тая, прынятая Вярхоўным Саветам СССР, каб толькі прывабіць і «надзьмуць Гітлера». Сталін, па ўспамінах Мікіты Хрушчова, быў бязьмерна рады, нават прытанцовываў: «Падмануў Гітлера!»
Той у сваю чаргу, быў упэўнены, што падмануў Сталіна.
Павучальна, чаго вартая нават ратыфікаваная дамова «аб дружбе» міжнародных бандытаў.
Тым больш, калі да яе прымацаваныя таемныя пратаколы пра будучую дзяльбу здабычы.
O tempora, o mores! Ну і звычаі, гэта значыць правілы міжнароднага парадку змарнаваныя. Навошта яны? Ніякіх сумленных правілаў, таму, што ніякага гонару. Толькі сіла, сквапнасьць і змова.
І адзіная здабытая каштоўнасьць — навука на будучыню.
На гарызонце там павінен быў зьявіцца NATO.
Адзіны лек ад новых «Communazi».
Вітаўтас Ландсбергіс
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.