Можна меркаваць, што перамовы кіраўнікоў Беларусі і Расеі ў Сочы ня вырашылі спрэчных пытаньняў у двухбаковых адносінах.
Бэкграўнд стасункаў паміж Менскам і Масквой напярэдадні сустрэчы ў Сочы быў вельмі неспрыяльны. 22 чэрвеня, праз тры дні пасьля пасяджэньня Вышэйшага дзяржсавету Саюзнай дзяржавы ў Менску, Лукашэнка ў Шклоўскім раёне папярэдзіў, што калі правалімся, то трэба будзе ісьці ў склад якой-небудзь дзяржавы.
23 ліпеня Ўладзімер Пуцін нечакана тэлефануе Аляксандру Лукашэнку і выклікае ў Сочы на перамовы. Кіраўнік Беларусі, аднак, ня едзе, трымае паўзу. 10 жніўня ў Гомлі ён абураецца: «Расейцы паводзяць сябе па-барбарску ў адносінах да нас... патрабуюць нечага, як быццам мы васалы ў іх... У рамках ЭАЭС, куды яны нас запрасілі, яны выконваць свае абавязаньні ня хочуць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка выправіўся ў Сочы да Пуціна ў «цяжкі пэрыяд, калі расейцы паводзяць сябе па-барбарску»І вось нарэшце, пасьля цэлага месяцу ваганьняў, 22 жніўня Лукашэнка едзе ў Сочы. Назіральнікі ўжо зьвярнулі ўвагу, што на пачатку сустрэчы з Пуціным кіраўнік Беларусі ў 5 сказах 5 разоў ужывае слова «праблемы». Гэта такі выкід падсьвядомасьці.
Ніякай інфармацыі па выніках сустрэчы няма, што вельмі паказальна. Акрамя таго, Лукашэнка, насуперак анансаванай папярэдне праграме візыту, адмовіўся наведаць разам з Пуціным турнір па самба «Плятформа S-70», які праходзіць у Сочы. Усё гэта ўскосныя сьведчаньні таго, што па асноўных пытаньнях бакі не дамовіліся.
Якія ж вострыя пытаньні ў двухбаковых адносінах патрабавалі неадкладнай, тэрміновай сустрэчы ў Сочы праз два месяцы пасьля грунтоўных перамоваў у Менску?
Найперш, гэта пытаньне пра новага амбасадара Расеі ў Беларусі Міхаіла Бабіча. Гледзячы па ўсім, гэта адзіная праблема, якую ўдалося вырашыць. Паводле інфармацыі з Масквы, расейскі бок змог прымусіць Менск пагадзіцца на сваю кандыдатуру пасла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зьезьдзіў да Пуціна ў Сочы «адцягнуцца ад нашых штодзённых, прэзыдэнцкіх праблемаў»Акрамя гэтага, ёсьць і іншыя гарачыя пытаньні. Беларусь не атрымала чарговых траншаў ад Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця ў памеры 400 млн даляраў. Грошы павінны былі паступіць у першым квартале 2018 году. Ужо сярэдзіна трэцяга кварталу, крэдыту няма. А Беларусі ён тэрмінова патрэбен, бо трэба плаціць замежныя даўгі. Даводзіцца траціць золатавалютныя рэсурсы.
Яшчэ адно вострае пытаньне, якое патрабуе неадкладнага рашэньня. Паводле інфармацыі агенцтва Reuters, у ліпені Расея спыніла міжбюджэтнае фінансаваньне Беларусі, закадаванае пад тэрмінам «ператаможка». Бо Масква абвінавачвае Менск у махінацыях з нафтапрадуктамі. Гэта «жывая» валюта, якая штомесяц паступала ў беларускі бюджэт.
Але ёсьць і іншыя, не тэрміновыя, але важныя праблемы, якія патрабуюць вырашэньня. Можна не сумнявацца, што Менск запатрабуе ад Масквы кампэнсацыі страт, якія панясе бюджэт Беларусі ад так званага «падатковага манэўру» ў Расеі. Гэта манэўр фактычна ліквідуе беларускі нафтавы афшор.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэс-сакратар Пуціна патлумачыў словы Лукашэнкі пра барбарства РасеіЯшчэ адно пытаньне, якое тычыцца наступнага году. Менск просіць у Масквы новы крэдыт, памерам 1 млрд даляраў. Бо няма чым плаціць ранейшыя даўгі.
Ёсьць і іншыя пытаньні (экспарт беларускага харчаваньня ў Расею, праблема мяжы і візаў і інш.), якія патрабуюць свайго рашэньня.
Чаго, у сваю чаргу, патрабуе ад Менску Масква, пакуль незразумела. Афіцыйныя расейскія асобы сваіх прэтэнзій не выказваюць. Можна толькі здагадвацца, што РФ хацела б ад Беларусі большай геапалітычнай ляяльнасьці.
Варта адзначыць, што ўсе гэтыя пытаньні для Менску тэрміновыя. Масква можа пачакаць, ёй няма куды сьпяшацца, саюзьніка можна ўзяць на змор. Гледзячы па ўсім, Лукашэнка не разгадаў сочынскага прыкупу Пуціна. Таму пакуль і застаўся пры сваіх інтарэсах.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.