Злучаныя Штаты занепакоеныя станам здароўя незаконна зьняволенага ў Расеі ўкраінскага рэжысэра Алега Сянцова і паўтараюць заклік да расейскіх уладаў неадкладна вызваліць яго і іншых украінскіх палітвязняў, гаворыцца ў заяве прэс-сакратаркі Дзяржаўнага дэпартамэнту Гэзэр Наўэрт, апублікаванай увечары 21 жніўня і прымеркаванай да 100 дзён галадаваньня Сянцова.
«Мы занепакоеныя тым, што яшчэ адна невінаватая асоба можа памерці ў расейскай турме. Спадзяемся, што расейскія ўлады вызваляць Сянцова, каб унікнуць такой трагедыі, непазьбежным наступствам якой былі б заклікі прыцягнуць службоўцаў да адказнасьці», — сказаана ў заяве.
21 жніўня споўнілася 100 дзён, як зьняволены ў Расеі ўкраінскі рэжысэр Алег Сянцоў абвясьціў бестэрміновае галадаваньне, патрабуючы ад Масквы вызваліць усіх украінскіх палітычных вязьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сянцоў галадае 100 дзён. Ва Ўкраіне і сьвеце пройдуць акцыі з патрабаваньнем вызваліць рэжысэраНягледзячы на шматразовыя заклікі лекараў прыпыніць галадаваньне, Сянцоў працягвае пратэст. У калёніі ў паўночным расейскім горадзе Лабытнангі праводзяць мэдычныя працэдуры, каб не дапусьціць сьмерці вязьня, але штодня расьце рызыка новага крызісу ў стане здароўя Сянцова.
14 жніўня Сянцоў расказаў расейскай праваабаронцы Зоі Сьветавай, якая езьдзіла да яго ў калёнію, што ягоны стан «перадкрытычны».