Менскі гарадзкі суд 20 жніўня пакінуў у сіле рашэньне суду Першамайскага раёна сталіцы — прыватную скаргу бацькоў беларускамоўных дзетак на Ўпраўленьне адукацыі адміністрацыі Першамайскага раёну ня будуць разглядаць у адкрытым судовым паседжаньні.
Справу разглядала судзьдзя Менскага гарадзкога суду Натальля Жупікава. Яна заслухала довады прадстаўнікоў бацькоў — Вольгі Кавальчук і Дар’і Вашкевіч.
Прадстаўнікі другога боку — чыноўнікі Ўпраўленьня адукацыі адміністрацыі Першамайскага раёну — у суд не зьявіліся, скаргу суд разглядаў бязь іх.
Вольга Кавальчук і Дар’я Вашкевіч сказалі, што Ўпраўленьне адукацыі Першамайскага раёну адмовіла бацькам 24 дзетак у стварэньні рознаўзроставай беларускай групы ў адным з садкоў, прапанаваўшы ўладкоўваць дзяцей па беларускіх групах у садкі раёну. Матывацыя чыноўнікаў ад адукацыі — у раёне дастаткова беларускамоўных груп у садках (паводле афіцыйных зьвестак, ажно 54 групы «зь беларускай мовай навучаньня»).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самі вінаватыя: Мінадукацыі адказала на пэтыцыю аб дыскрымінацыі беларускамоўных дзяцейПаколькі суд Першамайскага раёну не задаволіў іх скаргу, бацькі абскарджваюць яе ў гарадзкім судзе.
Матывацыя бацькоў — гэтыя групы ўмоўна называюцца беларускімі, у іх фармальны, але на практыцы далёка ня цалкам беларускамоўны статус. Бацькі ж хочуць, каб дзяцей выхоўвалі ў атачэньні іншых носьбітаў роднай мовы, у атмасфэры, дзе ўвесь працэс — ад побытавых зносін да выхаваўчых праграм і гульняў — вядзецца па-беларуску. І таму прасілі арганізаваць рознаўроставую беларускамоўную групу.
І прывялі прыклад: у тым жа Першамайскім раёне ў мінулым навучальным годзе ў дзіцячых садках было 6 рознаўзроставых расейскамоўных груп.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады адказалі на трохтысячную пэтыцыю пра беларускія дзіцячыя садкіЗаслухала судзьдзя і юрыста Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйлу, які дапамагае бацькам.
Падтрымаць бацькоў у суд прыйшла і дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім.
Судовае паседжаньне доўжылася каля гадзіны. Судзьдзя Натальля Жупікава абвясьціла, што рашэньне суду Першамайскага раёну застаецца ў сіле, адкрытага разгляду скаргі бацькоў на дзеяньні Ўпраўленьня адукацыі ў судзе ня будзе.
Бацькі будуць раіцца зь юрыстам, як ім дзейнічаць далей. Яны маюць намер абскарджваць гэтае рашэньне ў судзе вышэйшай інстанцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму ў дзіцячых садках няма беларускамоўных ясельных групаў