Стрыечная сястра асуджанага ў Расеі ўкраінскага рэжысэра Алега Сянцова Натальля Каплан заявіла, што ён ня будзе прасіць аб памілаваньні. Вызваліць рэжысэра можна толькі калі «выматаць» Уладзіміра Пуціна, упэўненая Каплан.
Пра гэта яна распавяла ў інтэрвію расейскаму тэлеканалу «Дождь».
14 жніўня стала вядома, што Крэмль адмовіўся памілаваць Сянцова па просьбе яго маці. Там заявілі, што працэдура памілаваньня павінная пачынацца з асабістага хадайніцтва асуджанага, а ўкраінскі рэжысэр такога прашэньня не падаваў.
Каплан распавяла ў інтэрвію «Дождю», што рэжысэр скардзіцца на болі ў сэрцы і нізкі пульс у раёне 40 удараў у хвіліну. Яна нагадала, што ў сваім лісьце Сянцоў згадаў, што «канец блізкі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Алег Сянцоў жыве на чацьвёрты месяц галадоўкі ў расейскай турмеКаплан распавяла, што супрацоўнікі ўкраінскага МЗС цяпер думаюць, як прыцягнуць канцлера Нямеччыны Ангелу Мэркель, у якой заплянаваная сустрэча з Пуціным, да вызваленьня Сянцова. Аднак яна ўпэўненая, што вызваліць брата можна, «выматаўшы» Уладзіміра Пуціна пастаянным просьбамі аб вызваленьні режысэра.
Украінскі рэжысэр Алег Сянцоў асуджаны на 20 гадоў па абвінавачваньні ў падрыхтоўцы тэрактаў у Крыме. Сваю віну ён не прызнае. 14 траўня Сянцоў абвясьціў галадоўку з патрабаваньнем вызваліць з расейскіх турмаў усіх украінскіх палітвязьняў. Ён неаднаразова заяўляў, што будзе трымаць галадоўку «да канца».
У гутарцы з праваабаронцай Зояй Сьвятловай, якая наведала яго ў калёніі, Сянцоў назваў свой стан «перадкрытычным». У чацьвер, 16 жніўня, неадкладна вызваліць Сянцова запатрабавалі экспэрты ААН.