Міністэрства адукацыі Беларусі апублікавала ўзоры школьных дзёньнікаў, рэкамэндаваных да ўжываньня ў 2018/19 навучальным годзе. Сярод 39 варыянтаў толькі 13 ня маюць спартовай сымболікі.
З прапанаваных вучням 39 варыянтаў дзёньнікаў 24 маюць тэкст па-беларуску, 15 — па-расейску. Большая частка вокладак мае варыянты на дзьвюх мовах. На вокладках часта сустракаецца дзяржаўная сымболіка, абрысы межаў Беларусі, буслы, помнік Францішаку Скарыну і будынак Нацыянальнай бібліятэкі.
Сымболіку Эўрапейскіх гульняў-2019, што плянуюць правесьці ў Менску, маюць усе дзёньнікі Барысаўскай і Берасьцейскай тыпаграфіяў, менскай тыпаграфіі «Перамога», палова дзёньнікаў Менскага паліграфкамбінату імя Якуба Коласа.
Некаторыя з рэкамэндаваных дзёньнікаў (астатнія тут):
Дзёньнікі выдавецтва «Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі» маюць на вокладках алімпійскую эмблему (пяць кольцаў). Але ня маюць сымболікі летняй Алімпіяды 2020 году, якая пройдзе ў Токіё, або любых іншых будучых ці мінулых гульняў.
Што будзе з карыстальнікамі недазволеных дзёньнікаў, не ўдакладняецца. Але вядома, што ў мінулыя гады Мінадукацыі не прапускала нават «ідэалягічна правільныя» дзёньнікі з афіцыйнай сымболікай, але ў цьвёрдай вокладцы.
Вокладкі сшыткаў ні Міністэрствам адукацыі, ні законамі і ўказамі не рэглямэнтуюцца — можна выкарыстоўваць хоць з арнамэнтам ці «Пагоняй», як тыя, што прадае крама Belarusam.by.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дызайнэр — самая запатрабаваная прафэсія ў беларускіх абітурыентаў