Украінская чыгунка зь верасьня запусьціць цягнік, які зьвяжа Кіеў, Менск, Вільню і Рыгу

Ілюстрацыйнае фота

Зь верасьня 2018 году з Кіева ў Рыгу празь Менск і Вільню можна будзе даехаць за 19 гадзінаў. Маршрут «чатырох сталіцаў» могуць падоўжыць да і Таліна.

Публічнае акцыянэрнае таварыства «Ўкраінская чыгунка» («Укрзалізниця») 28 верасьня сфармуе першы пасажырскі цягнік, які аб’яднае чатыры эўрапейскія сталіцы — Кіеў, Менск, Вільню і Рыгу. Маршрут стане рэгулярным, цягнік будзе адпраўляцца з Кіеўскага чыгуначнага вакзалу чатыры разы на месяц.

Паводле міністра інфраструктуры Ўкраіны Ўладзіміра Емяльяна, імпульсам для гэтага праекту стала пагадненьне аб асацыяцыі Ўкраіны з Эўразьвязам.

Мужчынскія і жаночыя купэ, люксавы вагон, мытня перад ад’ездам

Выканаўца абавязкаў кіраўніка «Ўкраінскай чыгункі» Яўген Краўцоў удакладніў, што ў Беларусі цягнік будзе спыняцца ў пяці гарадах — Калінкавічах, Жлобіне, Менску, Маладэчне і Смаргоні. Самы доўгі будзе прыпынак у Менску — 25 хвілін.

«Мы ўжо рыхтуем і новую ліўрэю, каб здалёк былі відаць украінскія вагоны», — кажа Яўген Краўцоў.

Паводле яго, у цягніку будзе 10 вагонаў — 9 купэйных і адзін клясы «люкс». Апроч таго, у адным вагоне купэ будуць падзеленыя на мужчынскія і жаночыя.

У той жа час кошт квіткоў пакуль ня вызначаны — чыгуначныя адміністрацыі краін, празь якія пралягае маршрут, усё яшчэ ўзгадняюць гэтае пытаньне. Украінскі бок заяўляў, што квіток на цягнік павінен каштаваць у два разы менш, чым на самалёт.

Пасажыры будуць праходзіць мытнае і памежнае афармленьне ў Кіеве перад адпраўленьнем.

Першапачаткова плянавалася, што новы праект «Украінскай чыгункі» ахопіць пяць эўрапейскіх сталіц — Кіеў, Менск, Вільню, Рыгу і Талін, а яго рэалізацыя чакалася яшчэ год таму — напрыканцы 2017 году.

Але кіраўніцтва эстонскай чыгункі на момант распрацоўкі праекту палічыла яго немэтазгодным. Цяпер жа ў Эстоніі не выключаюць, што пасьля ўзгадненьня графіку руху на наступны год Талін таксама трапіць у маршрут украінскага цягніка.