Упраўленьне ДАІ УУС Менаблвыканкаму 14 жніўня аштрафавала адказнага сакратара КХП-БНФ, кіраўніка грамадзкай дырэкцыі Народнага мэмарыялу Курапаты Алеся Чахольскага за стварэньне аварыйнай сытуацыі ля рэстарацыі «Поедим поедим» у Курапатах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аднавіў Крыж Пакуты, усталяваў сотні крыжоў. 10 фактаў пра Алеся ЧахольскагаАб чым ідзе гаворка?
Штраф: 73 рублі 50 капеек (3 базавыя велічыні).
Паводле ДАІ, Чахольскі 17 чэрвеня рухаўся пешшу па праежджай частцы дарогі ля рэстарацыі «Поедим поедим». Сваімі дзеяньнямі ён «стварыў перашкоду руху аўтамабілю», кіроўца экстранна затармазіў і зьмяніў накірунак руху. Гэта стварыла аварыйную абстаноўку, запісана ў пратаколе.
Марка і нумар аўто ў пастанове ДАІ не называецца. Алесь Чахольскі сказаў Свабодзе, што гаворка ідзе пра Nissan, за стырном якога быў Віталь Акуліч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму ня трэба кідацца пад колы наведнікаў рэстарану «Поедем поедим»Чахольскі кажа, што ў гэты час выйшаў з Міхасём Бураком у прыбіральню АЗС-75 на 51 кілямэтры МКАД і падышоў да «Поедим поедим», калі Nissan там ужо стаяў. Пасьля інспэктар ДАІ Віктар Кунтыш склаў на Чахольскага пратакол. Момант вяртаньня абаронцаў з АЗС зьняў абаронца Віталь Занька і супрацоўнік у цывільным.
Інспэктар ДАІ Віктар Кунтыш ад камэнтару Свабодзе адмовіўся і параіў зьвярнуцца ў аддзел агітацыі УУС Менгарвыканкаму. Апэратыўны адказ у ведамстве атрымаць не ўдалося.
Запісы з камэраў да справы не далучылі
20 чэрвеня Чахольскі напісаў заяву ў абласную пракуратуру, дзе прасіў:
- Зьняць запісы з камэраў назіраньня АЗС-75 і рэстарацыі «Поедим поедим».
- Прыцягнуць да адказнасьці за паклёп кіроўцу Nissan.
- Разглядзець паводзіны інспэктара ДАІ, які «штурхаў» абаронцу ў машыну.
- Высьветліць асобы «правакатараў», якія прысутнічалі падчас складаньня пратаколу.
У адказе пракуратуры напісана, што парадак абскарджаньня складаньня адміністрацыйнага пратаколу заканадаўствам не прадугледжаны.
Паводле Чахольскага, на рашэньне упраўленьня ДАІ УУС Менаблвыканкаму не далучыла да справы запісы з камэраў назіраньня, бо яны захоўваюцца толькі месяц.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць ягоШто важна ведаць аб пратэстах супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.
Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.