Паездка Аляксандра Лукашэнкі ў Аршанскі раён засьведчыла правал чарговага грандыёзнага мадэрнізацыйнага праекту.
А як прыгожа ўсё пачыналася! 21 красавіка 2017 году, выступаючы са штогадовым пасланьнем парлямэнту і беларускаму народу, Лукашэнка даручыў «падняць з руін і попелу ў бліжэйшы час» населеныя пункты Барань, Балбасава і Воршу. Ураду было загадана паказаць, «як у кароткі прамежак часу трэба разьвіваць буйны і вельмі складаны рэгіён», зрабіць Аршанскі раён узорна-паказальным. Каб затым на гэтым прыкладзе распрацаваць плян разьвіцьця іншых тэрыторый Беларусі. Такім чынам, Аршанскі раён павінен быў стаць лякаматывам рэгіянальнага разьвіцьця краіны.
Чаму менавіта Аршанскі раён быў абраны ў гэтай якасьці, Аляксандар Лукашэнка патлумачыў даволі дзіўна:
«Гэта не таму, што я там нарадзіўся. А таму, што там разьмешчана буйная ўстанова, якая ў народзе называецца „турма“. І палова людзей, вызваляючыся, застаецца там. Вы разумееце, нікога не хачу пакрыўдзіць, што гэта за людзі. І як там „проста“ працаваць».
То бок менавіта для тых, хто выйшаў з турмы, кіраўнік дзяржавы даручыў стварыць лепшыя ўмовы, чым для ўсіх астатніх грамадзян. Такі ў Беларусі прывілеяваны слой насельніцтва, такія прыярытэты.
Ураду было даручана цягам году (запомнім гэта!) істотна палепшыць сытуацыю ў Аршанскім раёне, а да 2020 году ўсе стратныя прадпрыемствы павінны правесьці мадэрнізацыю, стварыць новыя працоўныя месцы, наладзіць эфэктыўную працу і павысіць заробкі. Выконваючы загад, урад у траўні 2017 году правёў адмысловае паседжаньне па гэтым пытаньні, былі вызначаны падыходы па кожным прадпрыемстве. У чэрвені таго ж году ўрадам быў прыняты комплексны плян першачарговых мер па разьвіцьці Аршанскага раёну да 2020 году. Дзеля гэтага былі выдзелены немалыя грошы «ў межах ліміту дырэктыўнага крэдытаваньня, устаноўленага для Банку разьвіцьця», ільготныя працэнты і іншае. Паводле кіраўніка Віцебскай вобласьці Мікалая Шарстнёва, сума датацый дзесяці раёнаў вобласьці роўная суме датацый, якія атрымлівае Аршанскі раён. Лукашэнка паабяцаў рэгулярна асабіста кантраляваць рэалізацыю гэтага праекту.
І вось праз год, 13 жніўня, кіраўнік Беларусі прыехаў у Воршу, каб паглядзець, як гэты населены пункт паводле яго мудрага рашэньня ператварыўся ў горад-сад. Наведаў чатыры прадпрыемствы. І што пабачыў?
Высьветлілася, што практычна ўсе прадпрыемствы раёну — праблемныя.
«Усё было зроблена саматужна, на скорую руку, а значыць, няякасна... Ня зроблена практычна нічога... Пакуль гэта ідыёцкае стаўленьне да майго даручэньня», — заявіў Лукашэнка на месцы. І ацаніў працу на двойку зь мінусам. На нарадзе 14 жніўня старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў канстатаваў, што шэраг паказчыкаў у Аршанскім раёне нават ніжэйшыя, чым сярэднеабласныя.
Убачанае на Аршанскім інструмэнтальным заводзе выклікала абурэньне ў кіраўніка дзяржавы.
«Ня любіце вы людзей, ня любіце вы завод. Калі ўжо робіце тут нейкую паказуху, зрабіце бардзюр, але навошта ў траву класьці асфальт? Гэта што, культура? Вось за гэта чыноўнікаў і ненавідзіць часам народ — за вашы безалабернасьць і бязладзьдзе», — абурыўся ён. Далей яшчэ цікавей: «Хіба гэта працоўныя месцы?! Вязьніца нейкая! Катаржныя людзі працуюць за 200 даляраў у месяц!» — абурыўся Лукашэнка ўмовамі працы работнікаў.
Што ж рабіць? Беларускі лідэр хутка знайшоў выйсьце: «Міністра сюды накіруем да цябе працаваць. У яго выбар адзін: ці турма, ці сюды». Гаворка ідзе пра міністра прамысловасьці Віталя Ваўка.
Лукашэнка даў даручэньне паставіць на гэты завод станкі з суседняга заводу «Чырвоны барацьбіт». Без кіраўніка дзяржавы дырэктары заводаў да гэтага дадумацца не маглі.
Сытуацыя на іншых прадпрыемствах, якія наведаў Лукашэнка, ня лепшая. Прыехаўшы ў ААТ «Тэхніка сувязі» ў горадзе Барань, ён заявіў: «Я бачу, вы наагул ня думалі над рашэньнем той задачы, якая была пастаўлена». А потым здарылася ўвогуле неспадзяванка, якую кіраўнік дзяржавы пракамэнтаваў так: «Вы не плянавалі, што я зайду ў ваш „туалет“... дзе ніхто ніколі не прыбіраў» (?!).
Вось такі атрымаўся ўзорна-паказальны раён. Хочацца сказаць, паказушны. З асфальтам, які кладуць у траву, з туалетам, які ніхто ніколі не прыбірае. Але ў гэтым ёсьць вялікі сымбалізм. Гэта і ёсьць сапраўдны ўзор беларускай правінцыі пэрыяду кіраваньня нязьменнага прэзыдэнта. Вынік функцыянаваньня беларускай сацыяльнай мадэлі імя Лукашэнкі. Перафразуючы словы вядомага анэкдоту, хочацца сказаць: гэта Радзіма, Аляксандар Рыгоравіч!
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка запатрабаваў замены «ўсяго кіраўніцтва ўраду»