Усіх рэдактараў і журналістаў Tut.by затрымлівалі па адной схеме: а 7-й раніцы ўрываліся ў кватэры, папярэдне заблякаваўшы стацыянарныя і мабільныя тэлефоны ня толькі падазраваных, але і сваякоў, праводзілі ператрусы і везьлі ў Сьледчы камітэт на допыты. Не адразу давалі адваката.
Зьміцер Бобрык: «Заламалі рукі, кінулі на падлогу»
Журналіст Зьміцер Бобрык наймае кватэру. Каля 7-й раніцы пачуў настойлівы званок у дзьверы, потым грукат. Ён позна лёг спаць, і яшчэ не прачнуўся, таму не паглядзеў у вочка, спрасонку адчыніў дзьверы — там стаіць дзяўчына, а з-за яе сьпіны выбягаюць людзі ў форме.
«Заламалі рукі, павалілі на падлогу. Разьбілі вялікае люстра — зьдзіўляюся, як я не парэзаўся. Усяго было 9–10 чалавек. Потым паклалі на канапу са зьвязанымі рукамі. Аднаго панятога прывезьлі з сабой, другога чакалі хвілін 20. Запыталіся, ці ёсьць у кватэры забароненыя рэчывы, зброя, колючыя-рэжучыя прадметы. Я спачатку думаў, што мяне з кімсьці пераблыталі. Потым паказалі ліст: што да мяне ёсьць прэтэнзіі з боку БелТА», — кажа Зьміцер.
Ператрус працягваўся гадзіны тры. Адразу ж забралі тэхніку, флэшкі, мабільнік. Зьміцер тлумачыў, што кватэра найманая, у ёй шмат рэчаў гаспадароў, але забралі і чужыя дыскі.
У Сьледчым камітэце ўзялі падпіску аб неразгалошваньні. Сьледчыя паводзілі сябе па-рознаму: адны карэктна, іншыя — ня вельмі.
«Былі пагрозы на адрас маіх родных, блізкіх, ажно да абнародаваньня нейкіх фактаў майго асабістага жыцьця. Адваката мне не далі, пратрымалі ў Сьледчым камітэце гадзін 10, адпусьцілі позна ўвечары», — кажа Зьміцер.
Ульляна Бабаед: «Спачатку была разгубленая»
Рэдактарка аддзелу «Грамадзтва» Ўльляна Бабаед у той дзень начавала адна ў кватэры маці. Пазванілі а 7-й раніцы ў дзьверы. Мужчына прадставіўся ўчастковым, яна адчыніла дзьверы. Зайшло чалавек 8, зь іх двое АМАПаўцаў, сьледчыя, экспэрт.
«Пачаўся ператрус. У кватэры ў асноўным маміны рэчы — усё агледзелі, але даволі акуратна. Канфіскавалі флэшкі, тэлефон. Кампутара з сабой не было — быў пляншэт, дзе я напярэдадні глядзела „Гары Потэра“. Забралі зарплатныя банкаўскія карткі.
Вядома, гэта было нечакана, таму была разгубленасьць. Але мне ўдалося патэлефанаваць з хатняга тэлефона на нумары, якія я памятала. Пра тое, што мой тэлефон быў заблякаваны, я ня ведала. Але аказалася, што тэлефон майго маладога чалавека таксама быў заблякаваны. Парада ўсім: абавязкова помніць пару тэлефонных нумароў», — кажа Ўльляна.
У Сьледчым камітэце абыходзіліся даволі карэктна, усё, што прасіла, давалі. Яна выказала падзяку калегам, якія тэрмінова знайшлі адваката, патлумачылі родным, што трэба рабіць, што перадаваць.
Ганна Ермачонак: «Рыліся нават у кошыку з бруднай бялізнай»
Прыйшлі таксама а 7-й раніцы. Чалавек, што званіў у дзьверы, прадставіўся суседам. Зайшло 8 чалавек, адразу ж паказалі пастанову аб ператрусе. Прымусілі падпісаць паперу аб неразгалошваньні.
«Я запатрабавала адваката, але сказалі, што ператрус пачаўся, таму гэта немагчыма. Рыліся паўсюль, нават у кошыку з бруднай бялізнай. Адразу забралі ўсе гаджэты і нават зламаны вінчэстэр суседкі (мы наймаем кватэру зь сяброўкай). У кухні адчынілі кожную са шматлікіх бляшаначак з гарбатай», — кажа Ганна.
У Сьледчым камітэце журналістка таксама запатрабавала адваката, але сьледчыя прыдумлялі ўсялякія адгаворкі. Але нарэшце прыехала дзяржаўная абаронца, і ўсе далейшыя сьледчыя дзеяньні адбываліся ўжо зь яе ўдзелам. Дапытвалі ў СК даволі доўга, доўга афармлялі ў Маскоўскім РУУСе, у ізалятар часовага ўтрыманьня прывезьлі глыбокай ноччу.
«У пяцімесцавай камэры была адна жанчына, пазнаёміцца мы не пасьпелі, таму што раніцай яе забралі. Увесь другі дзень я была адна, ніякіх сьледчых дзеяньняў не праводзілася.
Мне перадалі адзеньне, ваду, садавіну і кнігу, але асадку чамусьбці не прынялі.
У другі дзень павялі на прагулку, прынесьлі нават кнігу пачытаць. Ежа нясмачная — на сьняданак аўсянка, на абед кіслая капуста», — узгадвае Ганна Ермачонак.
На другі дзень затрыманьня ніякіх сьледчых дзеяньняў з Ганнай не вялося. На трэці дзень павезьлі на допыт у Сьледчы камітэт, увечары адпусьцілі.
Марына Золатава: «Ператрус доўжыўся больш за 6 гадзін»
Раніцай пазванілі ў кватэру галоўнай рэдактаркі Марыны Золатавай. Муж доўга дапытваўся, хто прыйшоў. Дзьверы давялося адчыніць. Ператрус праводзілі з асаблівай пільнасьцю — перарылі ўсё. Пра ператрус нават паказалі ролік на сайце газэты «СБ. Беларусь сегодня».
Прычым у горшых традыцыях — гэта нібыта апэратыўная здымка, але яўна змантажаваная. Твары апэратыўнікаў «замыленыя», Марыны — не. Грошы і каштоўнасьці, які сьледчыя запатрабавалі прад’явіць, муж Марыны паказаў сам, а ў роліку іх нібыта знайшлі ў вопратцы ў шафе-купэ. «Засьвяцілі» буйным плянам і зарплатныя карткі.
«Ператрус працягваўся гадзін шэсьць. Перарывалі літаральна ўсё. Было вельмі непрыемна, тым больш што дзіця было дома», — кажа Марына.
У Сьледчым камітэце на допыце Марына заявіла, што нічога ня будзе казаць без адваката. У першы дзень дапусьцілі адваката, але паказаньняў яна не давала.
«Абыходзіліся са мной карэктна. Хтосьці з канвою спрабаваў зьвярнуцца на ты: сказаў спачатку „ідзі“, а потым дадаў „-це“. У ІЧУ таксама ўсё было больш-менш прыстойна. У другі дзень ніякіх сьледчых дзеяньняў не вялося».
На трэці дзень Марыну павезьлі на допыт, які праходзіў з адвакатам. Выпусьцілі яе позна ўвечары ў чацьвер. Інфармацыя праточвалася, чула яна і прозьвішчы затрыманых, ведала, што праца на яе сайце працягваецца.
Your browser doesn’t support HTML5
Першая яе фраза, калі яна ўвайшла ў пятніцу ў офіс, была такая:
«Дзякуй усім за падтрымку і працу. Гэта так прыемна: калі ты закрыты і ня ведаеш, што і як, а потым даведваесься — а праца працягваецца, сайт абнаўляецца!»
Ганна Калтыгіна: «Абрубілі інтэрнэт, усе мабільнікі — і мой, і мужа»
Выпускаючая рэдактарка Ганна Калтыгіна раніцай выстаўляе навіны з дому. Устала а 6-й гадзіне — няма інтэрнэту, паспрабавала падлучыцца да мабільнага інтэрнэту праз тэлефон — сувязі не было. У мужа таксама была абрублена сувязь. Паспрабавалі патэлефанаваць, сувязі не было. Таму яна хуценька сабралася і пайшла на працу.
«Узялі мяне на прыпынку — спыніўся мікрааўтобус. Я папрасіла, давайце я зайду адна, каб муж падрыхтаваў дзевяцігадовае дзіця.
Пачаўся ператрус. Я па першым патрабаваньні аддала пашпарт, банкаўскія карткі, грошы, тэхніку. Калі ўбачылі, што мы нічога не хаваем, кухню ўжо проста агледзелі, асабліва ня рыліся», — сказала Ганна.
Перад допытам ёй далі дзяжурнага адваката, хвілін 20 паразмаўлялі сам-насам, допыт праходзіў з адвакатам. А на трэці дзень ужо быў той адвакат, зь якім заключыў дамову муж Ганны.
«У ІЧУ да мяне ставіліся добра, таблеткі давалі па першым патрабаваньні, гуляць выводзілі.У ізалятары чула, як называлі прозьвішчы сваіх. Суседкі па камэры казалі, што ёсьць жанчына зь БелаПАН. Так што я зразумела, што не адна.
Дзяўчыны-АМАПаўкі наагул былі вельмі чулыя і спагадлівыя. А вось да канвою, што суправаджаў на Акрэсьціна, прэтэнзіі ёсьць, паводзілі сябе даволі груба», — кажа Ганна.
Вызвалілі Ганну ў чацьвер увечары пасьля допыту. Тэлефоны мужа і дзіцяці вярнулі, а вось тэхніку і тэлефон Ганны — не.
Ганна Калтыгіна па выніках усіх падзей зрабіла выснову, што ня ведала Крымінальна-працэсуальнага кодэксу і не разумела, як правільна паводзіць сябе ў такой сытуацыі.