Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партрэты зьняволеных журналістаў. Творчы маратон Марыны Золатавай


Марына Золатава. Фота Дзьмітрыя Брушко
Марына Золатава. Фота Дзьмітрыя Брушко

За кратамі застаюцца рэдактаркі і журналісткі Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Галіна Ўласік, Ганна Ермачонак з Tut.by, Тацяна Каравянкова з БелаПАН, Паўлюк Быкоўскі з Deutsche Welle, Аляксей Жукаў з тыднёвіка «Беларусы і рынак». Яны былі затрыманыя 7–8 жніўня. 9 жніўня затрымалі галоўную рэдактарку БелаПАН Ірыну Леўшыну.

Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць

Хто яны, гэтыя звычайна непублічныя людзі?

Свабода падрыхтавала партрэты некаторых са зьняволеных журналістаў на падставе гутарак зь іхнымі роднымі, калегамі, сябрамі. Першы партрэт — галоўнай рэдактаркі Tut.by Марыны Золатавай.

Пачынала на радыё

Марына Золатава
Марына Золатава

Журналіст Генадзь Кесьнер прыгадвае, як Марына Золатава прыйшла ў журналістыку студэнткай філялягічнага факультэта БДУ. Быў 1995 год, толькі-толькі пачало выходзіць у эфір Радыё 101,2 FM.

«Радыё знаходзілася тады на вуліцы Рэвалюцыйнай. Неяк зьяўляецца ў офісе вельмі абаяльная маладая дзяўчына і кажа „Я вас пачула ў эфіры, хачу тут працаваць“. Менавіта пра той час была прымаўка „журналіста ногі кормяць“ — не было яшчэ мабільнікаў, бракавала кампутараў. І па іроніі лёсу, Марына бегала ў БелТА, у „Вячэрні Мінск“ за зводкамі навінаў, зь якім у 101,2 была вусная дамова — тады пра грошы гаворкі не вялося, існавала карпаратыўная салідарнасьць і ўзаемадапамога».

Умее ладзіць зь людзьмі

Паводле Кесьнера, Марына вельмі працавіты, настойлівы чалавек, нягледзячы на вонкавую мяккасьць, далікатнасьць.

«У яе ёсьць вельмі цьвёрды стрыжань, яна надзвычай мэтанакіраваная, калі чагосьці хоча — дабіваецца. Інакш бы яна ня стала галоўнай рэдактаркай найбуйнейшага беларускага парталу Tut.by. Такая пасада ўсё ж такі патрабуе пэўных якасьцяў: таленту, уменьня працаваць з інфармацыяй, рэдактарскіх здольнасьцяў, камунікабэльнасьці і ў той жа час трываласьці — бо працаваць трэба зь людзьмі, а калегі-журналісты вельмі ўразьлівыя і крыўдлівыя».

Журналіст Свабоды Валер Каліноўскі і галоўны рэдактар TUT.by Марына Золатава
Журналіст Свабоды Валер Каліноўскі і галоўны рэдактар TUT.by Марына Золатава

Спагадлівы і патрабавальны рэдактар

Натальля Касьцюкевіч, журналістка аддзелу «Грамадзтва» сайту Tut.by, кажа, што немагчыма ўявіць сабе сытуацыю, што да галоўнай рэдактаркі Золатавай немагчыма датэлефанавацца, што яна ў адпачынку, у яе выходны, і таму яна не адказвае. Яна заўсёды даступная для сваіх журналістаў. Нават у 3 ці 4 гадзіны раніцы, калі трэба.

«Ня ведаю, ці ўмеюць наогул адпачываць такія самаадданыя людзі. Але нейкім дзіўным чынам у гэтым сэнсе ў нас сабралася рэдакцыя аднадумцаў.

За час працы было шмат сапраўды складаных сытуацый, выпраў, і ня памятаю ніводнага выпадку, каб Марына кінула свайго журналіста. Яна ўмее дапамагчы, нават калі ты па працы знаходзісься далёка ад Беларусі і, здаецца, нічога ўжо зрабіць нельга і застаецца толькі зьмірыцца.

Журналісты Валер Каліноўскі, Марына Золатава і Зьміцер Лукашук падчас прэс-канфэрэнцыі з Аляксандрам Лукашэнкам. 2015 год
Журналісты Валер Каліноўскі, Марына Золатава і Зьміцер Лукашук падчас прэс-канфэрэнцыі з Аляксандрам Лукашэнкам. 2015 год

Яна ўмее пахваліць, але і „адгрэбці“ ад яе па справе таксама можна, асабліва калі недацягнуў тэму, недаціснуў, паленаваўся. Напрыклад, здаецца, што напісаў геніяльны матэрыял, а яна табе: ці тэлефанаваў туды, што сказалі там? Здаецца, у яе заўсёды ў галаве ёсьць варыянты, як палепшыць тэкст. І наогул яна вельмі моцны чалавек. Гэта не пустыя словы, а праўда жыцьця», — кажа Натальля.

Першы заплыў на байдарках

Марына Золатава любіць бегаць на доўгія дыстанцыі, яна вядомая маратонаўка, але нядаўна палюбіла і іншы від спорту.

Вольга Партэнка, рэдактар сацыяльных сетак, успамінае, як пару тыдняў таму дружным рэдакцыйным калектывам яны сплаўляліся на байдарках па рацэ Іслач.

«У большасьці каманды, у тым ліку і ў Марыны, гэта быў першы досьвед, таму ўсё было вельмі эмацыйна. Марына сплаўлялася ў лодцы з 12-гадовым сынам Федзем, які быў у ролі матроса (гэта калі ў лодцы чалавек сядзіць наперадзе і можа набіраць хуткасьць, але ня можа кіраваць), але Федзя лічыў, што ён капітан. Кожны раз, калі наша лодка была побач зь іх экіпажам, я вельмі весялілася з таго, як Федзя „строіць“ маму. „Куды ты едзеш?! Ну, я ж казаў!? Ну, усё — заселі, адсталі!“, — ён вельмі хацеў быць першым. Мама пры гэтым была паслухмяная і цярплівая. І так — яны былі першымі, хоць гэта і не была гонка. Потым Марына ня раз казала пра тое, як бы нам пасьпець гэтым летам яшчэ разок сплавіцца», — расказвае Вольга Партэнка.

Партрэты зьняволеных журналістаў. Ад Тацяны Каравянковай зьбягаюць чыноўнікі і міністры

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG