Кладуся спаць з марамі пра «спакайнейшую працу». Пакой патанае ў змроку, за вакном супакоілася вуліца, у пад’езьдзе не чуваць аніякіх крокаў. Усе сьпяць — пад мірным небам стабільнай Беларусі.
Змрок гусьцее. На мары пра спакайнейшую працу напаўзаюць хмары: абяцала, што заўтра напішу артыкул пра чарговае свавольства і бязьмежжа чыноўнікаў, абараню сірату і ўдаву. «Навошта гэта вам — абараняць небаракаў розных, вы з такой прыстойнай сям’і паходзіце, адукацыя выдатная ў вас?», — спытаўся судзьдзя. — «Таму што была Нагорная пропаведзь».
Узгадваю герояў Курта Вонэгута, каб прыправіць жыцьцё патасам, кладуся спаць. Заўтра будзе новы дзень, як казалі бясколернымі галасамі шэрыя недарэкі са швэдзкага фільму «Ты, які жыве» Роя Андэрсана. Заўтра будзе новы дзень, зь неспакойнай працай. Бо была Нагорная пропаведзь, я яе чула — слых у мяне добры. Таму нікуды цяпер ня дзецца з гэтай падводнай лодкі, ад гэтай маці нашай Радзімы і мужа яе — айчыма нашага, які мае мэту зьвесьці нас усіх са сьвету — яму цесна з намі ў адной хаце.
Мы яму ўсе замінаем — нос усюды сунем, бачым, заўважаем, што маці наша няслушны выбар зрабіла — муж яе новы гаспадар ніякі, плёну зь яго ня больш, як ад мёртвай казы. Толькі што шчокі надзімае ды сам сябе нахвальвае дзень і ноч.
Касавурыцца на нас — чаму мы ня хочам заўважаць, які ён прыгожы, дасьціпны ды разумны? Чаму ў хоры, ім створаным за нашы грошы, не сьпяваем «Гасану»? Яму лепш, каб нас не было — тады ён сам-насам здолее неяк маці пераканаць, што лепшага за яго ў сьвеце няма. Гэта яму ўдасца — бязь сьведак. Бяз нас. Калі ўсьцяж будзе толькі яго голас чутны: «Я найлепшы, я самы разумны». Нас, як тыя люстэркі ў казцы, якія пярэчылі, што не прыгажун ты, не гаспадар — разьбіваць будзе.
Адзінае люстэрка хоча захаваць. Тое нястомна брэша яму, што ён малады, нягледзячы на гады, што здаровы, як конь, разумнейшы за ўсю Акадэмію навук. Што ніколі не памрэ. Ніколі. Каб пераканаць маці ў сваёй моцы багатырскай і разумовай, сіле мужчынскай, рэўнасьць выклікаць — любіць зь дзеўкамі маладымі круціцца. Сядзе на прызьбе, маладух вакол насадзіць, цукерак ім у прыпол насыпле і давай распавядаць, як ён умее ў тэніс граць ды на каньках бегаць.
...Уяўляю ноччу, як ён можа заўтра прыехаць сюды, і тады... Хавацца трэба. Не выходзіць з хаты. Бо па вуліцах будуць нястомна круціцца сінія мікрааўтобусы, хапаць усіх, хто сумняваецца ў найлепшых чалавечых якасьцях, разумовых здольнасьцях айчыма, за якога па дурной маладосьці выйшла маці нашая замуж.
...«Мне б спакайнейшую працу», — засынаю, у апошняе імгненьне безнадзейна шлю роспачнае паведамленьне ў абыякавы Сусьвет. Але гэтым разам ён чуе мяне: ранкам аказалася, што можна і не пісаць нічога — праца незалежных рэдакцый паралізаваная, чатыры (пяць, восем?) журналістаў затрыманыя. За тры каласкі, як раней. Нічога ў сьвеце не мяняецца. Здаецца, яны кралі здымкі з каласкамі ў жытнім полі і партрэты ружовашчокіх камбайнэраў, кралі здымкі каровак у полі і задаволеных даярак у белых халатах, якія ходзяць на працу на абцасах...
Ноччу, калі мірная стабільная Беларусь спала, змарыўшыся ў бітве зь небывалым ураджаем, гэтыя пракрадаліся да пакоя, дзе спалі дзеці айчыма — і кралі здымкі, кралі хваласьпевы, напісаныя ў гонар самага разумнага на сьвеце, кралі ўсё гэта і выкарыстоўвалі, як у галаву ўзбрыдзе. Папраўдзе, гэта была наша хата некалі. Дый цяпер мы плацім за яе камунальныя, якія растуць штомесяц. Але жывуць тут чужыя людзі, якіх навёў з далёкіх краёў, адкуль і сам зьявіўся, айчым. Расставіў іх па хаце, люстэркі гэтыя брахлівыя, кожнаму выдзеліў па пакоі — таму, дзе раней жылі мы. Нас выгнаў жыць каго ў прыбудову, каго ў дрывотнік. Нічога ня зробіш, такі лёс наш — гараваць.
Застаецца толькі ноччу пракрадацца ў былую нашу хату і разглядаць прыгожыя пазытыўныя здымкі са сьвету, які існуе толькі ў галаве айчыма і яго дзяцей брахлівых. Ах, каб маці ў маладосьці была трохі разумнейшая, трымала вушы свае моцна прыціснутымі да галавы, ці хоць прыкрыла іх валасамі, калі ён распавядаў ёй самім жа прыдуманыя казкі, каб не разяўляла тады рот на байкі залётнага балбатуна, які абяцаў яе ашчасьлівіць і нас заадно.
...Злавілі іх за руку — тых, хто тайком ноччу прабіраўся ў пакоі айчыма, разглядаў здымкі касьмічнага нерэальнага сьвету, які абяцаў пабудаваць наш нятанны айчым, ды не хапіла глузду.
Павялі іх, пасадзілі ў турму. «За незаконны доступ да інфармацыі, які пацягнуў за сабой прычыненьне істотнай шкоды». Пасадзілі нашых братоў і сясьцёр. Іх здалі дзеці айчыма, люстэркі крывыя тыя, якія раскашуюць у пакоях, камунальныя за якія плацім мы. Справа была паважнейшая, як выявілася потым. Яны ня проста кралі тыя здымкі з ружовашчокімі камбайнэрамі, усьмешлівымі даяркамі і айчымам, які хадзіў сярод іх і паблажліва ляпаў шырокімі далонямі па плячах. Яны зьдзекаваліся з гэтага ўсяго сьвятога, блюзьнерылі! Высьмейвалі. Хіхікалі. Калі прайшлі вобшукі, то вопытныя сьледчыя, якія бачылі і трупы без галавы, і згарэлых на пажары, былі шакаваныя да глыбіні сэрца! На адным здымку было такое, страшнае — нехта прымаляваў рожкі да галавы айчыма! Іншыя злосна крэмзалі пад покрывам ночы чорным флямастэрам на белых халатах даярак. Трэція чынілі зьдзек над здымкамі, абражалі рэлігійныя пачуцьці айчыма — сядзелі, разглядалі іх і рагаталі. Сьмяяліся проста яму ў твар! Быў яшчэ атрад нягоднікаў, якіх пакуль не затрымалі — яны ўсьцяж сьцябаліся з подпісаў пад здымкамі з палеткаў, вычваралі рознае — і дзяліліся гэтым з публікай.
Во так было яно ў жніўні 2018 году, дзеці мае. Ці ўсіх нягоднікаў пасадзілі? Пакуль не, яшчэ ловяць тых, хто шчэрыць зубы, калі чытае пра надоі, накосы, бітву за ўраджай. Гэта ўсё сур’ёзныя рэчы, ня варта ўсьміхацца і блазнаваць.
Калі пераловяць усіх, пасадзяць, арыштуюць, аштрафуюць — іншыя будуць баяцца прабірацца ў сваю ж хату, некалі родную, і разглядаць здымкі, на якіх адлюстравана няісная краіна, збудаваная толькі ў галовах айчыма і яго дзяцей. Але ім вельмі важна, каб мы паверылі ў тое, чаго няма, не было, ня можа быць. Каб сталі, счапіліся за рукі і запелі ў агульным хоры дурнымі фальшывымі галасамі: «Гасана!». Проста таму, што айчыму гэта будзе прыемна.
Калі мы ня можам гэта зрабіць (бо была Нагорная пропаведзь), застаецца толькі арганізаваць свой хор. Каб нашы галасы, прыгожыя і моцныя, загучалі нарэшце разам, зладжана.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.