На сайце Petitions.by 7 жніўня зьявілася пэтыцыя з заклікам спыніць перасьлед рэдакцыяў Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН.
Што адбылося?
Ад раніцы 7 жніўня Сьледчы камітэт праводзіць ператрусы ў офісах інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Прычына: распачатая крымінальная справа за «несанкцыянаваны доступ да інфармацыі». БелТА абвінавачвае кампаніі у незаконных падлучэньнях да платнай падпіскі свайго агенцтва.
Што ў пэтыцыі?
Кіраўніцтва БелТА просяць адклікаць заяву са Сьледчага камітэту і вырашыць пытаньне ў дасудовым парадку;
Сьледчы камітэт — спыніць перасьлед рэдакцыяў і не замінаць працы СМІ.
У пэтыцыі згадваюцца фэйкавыя навіны пра інсульт Аляксандра Лукашэнкі, распаўсюджаныя расейскімі СМІ напрыканцы ліпеня. У звароце да Сьледчага камітэту пэтыцыя прапануе «ў выпадку неабходнасьці» абіраць мэтады, якія не пагражаюць інфармацыйнай бясьпецы краіны.
Пэтыцыю праз тыдзень накіруюць у Адміністрацыю прэзыдэнта і Міністэрства інфармацыі Беларусі.
Аўтар пэтыцыі — лідэр «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў.
Зісер: «Пры абаротах Tut.by эканоміць на падпісцы на БелТА — гэта сьмешна»
Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць
- Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Максымальнае пакараньне паводле ч. 2 арт. 349 — абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 2 гадоў.
- 7–8 жніўня прайшлі ператрусы ў офісах Tut.by, БелаПАН, Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві». Таксама па справе праходзіць выдавецкі дом «Беларуская навука».
- Вядома, што цягам 7–9 жніўня затрымалі 17 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту ў СК.
- 9 жніўня СК заявіў, што галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава прызнала віну.
- Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.
- Платная падпіска БелТА каштуе 612 рублёў на месяц.
- Хто асудзіў затрыманьні журналістаў і ператрусы ў рэдакцыях. Сьпіс
- У чэрвені 2018 году супраць кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку.