Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік БАЖ: «Гэта ўмяшаньне ў свабоду выказваньняў і ў свабоду СМІ»

абноўлена

Андрэй Бастунец
Андрэй Бастунец

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец пракамэнтаваў Свабодзе крымінальную справу, заведзеную супраць супрацоўнікаў недзяржаўных кампаній БелаПАН і Tut.by, а таксама ператрусы і затрыманьні незалежных журналістаў.

Сьледчы камітэт паведаміў пра пачатак крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь («Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі, зроблены зь іншай асабістай зацікаўленасьці, які пацягнуў прычыненьне істотнай шкоды»).

Да названай супрацьпраўнай дзейнасьці датычныя службовыя асобы выдавецкага дому «Беларуская навука», ЗАТ «БелаПАН», ТАА «Тутбай Мэдыя». Паводле Сьледчага камітэту, па падазрэньні ва ўчыненьні злачынства затрыманыя рэдактары парталу Tut.by Марына Золатава і Ганна Калтыгіна, а таксама супрацоўніца інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Тацяна Каравянкова.

У СМІ паведамляецца таксама пра іншых затрыманых.

Ператрусы і затрыманьні ў кампаніях Tut.by і БелаПАН. Абнаўляецца

«Гэта ўсё ж не прычына, а толькі нагода»

Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец адзначае, што злачынства, выстаўленае Сьледчым камітэтам, не адносіцца да тых, якія маюць сур’ёзную грамадзкую небясьпеку. Ператрусы і затрыманьні журналістаў сьледчымі органамі «ў гэтым выпадку незразумелыя».

«Гэта тое самае, што расстрэльваць за праезд без квітка ў грамадзкім транспарце, — сказаў Андрэй Бастунец. — Я лічу, што гэты артыкул нават фармальна не дае падстаў для такіх дзеяньняў, якія могуць прыводзіць і да затрыманьняў, і да зрыву працы незалежных СМІ. Праўленьне БАЖ лічыць гэта ўмяшаньнем у свабоду выказваньняў і ў свабоду СМІ».

Паводле Андрэя Бастунца, у паведамленьні Сьледчага камітэту гаворыцца пра тое, што службовыя асобы маюць дачыненьне да супрацьпраўнай дзейнасьці «без усялякіх прэзумцый невінаватасьці».

Старшыня БАЖ ня лічыць, што названы Сьледчым камітэтам крымінальны артыкул мае дачыненьне да таго, што адбываецца.

«Цяжка ўявіць такія дзеяньні дзяржавы, калі б заяўнікам выступіў БелаПАН, напрыклад. Празьмернасьць дзеяньняў сілавых структур — вось што найперш зьвяртае на сябе ўвагу і ставіць пад пытаньне тую вэрсію, якую нам сёньня агучваюць, вэрсію ўзьнікненьня гэтага канфлікту. Гэта ўсё ж не прычына, а толькі нагода для таго, каб рабіць тое, што сёньня робіцца», — сказаў старшыня БАЖ.

БАЖ і праваабарончы цэнтар «Вясна» запатрабавалі вызваліць затрыманых і забясьпечыць журналістам выданьняў доступ да працоўных месцаў.

Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць

  • Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Максымальнае пакараньне паводле ч. 2 арт. 349 — абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 2 гадоў.
  • 7–8 жніўня прайшлі ператрусы ў офісах Tut.by, БелаПАН, Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві». Таксама па справе праходзіць выдавецкі дом «Беларуская навука».
  • Вядома, што цягам 7–9 жніўня затрымалі 17 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту ў СК.
  • 9 жніўня СК заявіў, што галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава прызнала віну.
  • Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.
  • Платная падпіска БелТА каштуе 612 рублёў на месяц.
  • Хто асудзіў затрыманьні журналістаў і ператрусы ў рэдакцыях. Сьпіс​
  • У чэрвені 2018 году супраць кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку.

Рэдактарка БелаПАН: Сьледчыя выкарыстоўваюць БелТА ў сваіх мэтах

Юры Зісер: Гэта справа ня супраць Tut.by, а супраць асобных журналістаў

Дырэктарка БелТА: Нашу інфармацыю кралі. Хто гэта рабіў, мы ня ведалі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG