Украінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату (УПЦ КП) на паседжаньні Сіноду 27 ліпеня паведаміла пра акалічнасьці замаху на патрыярха Філарэта, які адбыўся 25 траўня.
Што вядома?
Пазаштатны япіскап УПЦ КП Міхайла Вазьняк (Севасьцьян) разам з сынам 25 траўня ў непрыёмны час зайшоў у рэзыдэнцыю патрыярха Філарэта ў сьвецкім адзеньні. Япіскап хацеў патрапіць у асабістыя пакоі патрыярха, які ў гэты момант вячэраў у трапезнай. Пачуўшы, што нехта ў калідоры, з кухні выйшла манахіня Варвара, на якую Вазьняк напаў і накіраваў ёй у твар сьлёзны газ з загадзя падрыхтаванага балёнчыку. Пасьля гэтага Вазьняк з сынам зьбеглі з месца здарэньня.
Вазьняка затрымалі праваахоўныя органы, ён пацьвердзіў сваё наведваньне рэзыдэнцыі патрыярха, сьцьвярджаючы, што хацеў патрапіць на прыём.
Вядома, што Вазьняка адхілілі ад кіраваньня Чарнігаўскай эпархіяй у 2008 годзе, прычынай звальненьня ён назваў «асабістыя прычыны».