У Гомель перавезьлі 9 з 12 беларусаў, пацярпелых у ДТЗ ва Ўкраіне

Аварыя ў Мікалаеўскай вобласьці Ўкраіны, у якой загінулі 5 чалавек зь Беларусі

Дзевяць грамадзян Беларусі, якія пацярпелі ў аварыі на адэскай трасе 20 ліпеня, транспартаваныя ў Гомель для далейшай мэдычнай дапамогі.

Астатнія трое пацярпелых беларусаў застаюцца ў шпіталях на поўдні Ўкраіны.

Стан пацярпелага, які ляжыць у лякарні райцэнтру Крывое Возера, палепшыўся.

«Ён ужо падымаецца, рухаецца, пры сьвядомасьці», паведаміла Свабодзе намесьніца галоўнага лекара Любоў Скрыпнічэнка.

Дваім беларусам, мужчыну і жанчыне, зрабілі складаныя апэрацыі на твары і хрыбце ў Мікалаеве.

«Жанчыне зробленая апэрацыя, яна прайшла пасьпяхова, стан не пагоршыўся, але стабільна цяжкі. У мужчыны дастаткова складаны стан, яму таксама зрабілі апэрацыю, але там ня ўсё так проста — ён атрымаў шмат пашкоджаньняў. Галоўнае, што і пагаршэньня няма, стан стабільны», — паведаміў прэсавы сакратар упраўленьня аховы здароўя Мікалаеўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Юры Багранцаў.

Раніцай 20 ліпеня на адэскай трасе каля мястэчка Крывое Возера беларускі мікрааўтобус урэзаўся ў грузавік, што стаяў на ўзбочыне. Кіроўца мікрааўтобуса і чацьвёра пасажыраў загінулі. 12 атрымалі розныя траўмы. Кіроўцу грузавіка затрымала паліцыя.

У той самы дзень 10 чалавек, у тым ліку трое дзяцей, загінулі ў аварыі на трасе Кіеў — Чоп у Жытомірскай вобласьці, калі маршрутка ўрэзалася ў грузавік. Яшчэ 9 атрымалі траўмы. Пасьля гэтага Міністэрства ўнутраных спраў Украіны заявіла пра ўзмацненьне захадаў бясьпекі на дарогах, асабліва пры пасажырскіх перавозках.