Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп пацьвердзіў, што вядзецца падрыхтоўка да яго новай сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. У інтэрвію тэлекампаніі CNBC ў пятніцу Трамп сказаў, што такая сустрэча «прапрацоўваецца».
Ён ізноў паўтарыў сваю думку пра тое, што хацеў бы мець з Расеяй і асабіста з Пуціным добрыя адносіны. Аднак, паводле словаў прэзыдэнта ЗША, ня выключана, што гэтага не атрымаецца, і дыялёг з Пуціным завершыцца няўдачай. «У гэтым выпадку я буду яго найгоршым начным кашмарам» — папярэдзіў Трамп.
Паводле словаў прэзыдэнта ЗША, на саміце ў Хэльсынкі 16 ліпеня ў ходзе перамоваў па розных тэмах былі «рознагалосьсі». У той жа час, атрымалася абмеркаваць тэрарызм, Сырыю і Іран.
Прэса, палітычныя апанэнты — дэмакраты і частка рэспубліканцаў — падвяргаюць Трампа крытыцы за яго сустрэчу з Пуціным і за паводзіны на прэсавай канфэрэнцыі, падчас якой, на думку многіх камэнтатараў, Трамп паводзіў сябе занадта мякка адносна расейскага прэзыдэнта.
Акрамя таго, працягваецца расьсьледаваньне магчымага ўмяшаньня Расеі ў выбары прэзыдэнта ЗША, якое магло дапамагчы выбарчай кампаніі Трампа.
На гэтым фоне прэсавая сакратарка Белага дому Сара Сандэрс заявіла аб тым, што ўвосень Пуцін можа быць запрошаны ў Вашынгтон.
Дырэктар нацыянальнай выведкі ЗША Дэн Коатс іранічна заявіў, што гэта будзе «асаблівая» сустрэча, а дэмакраты ўжо заклікалі адмовіцца ад запрашэньня Пуціна.
У той жа час, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель у чацьвер заявіла, што дыялёг Трампа з Пуціным «добры для ўсіх», паколькі прэзыдэнты могуць абмеркаваць пытаньні глябальнай бясьпекі, у прыватнасьці, кантроль за ядзернымі узбраеньнямі.