Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп заявіў, што будзе зь нецярпеньнем чакаць новай сустрэчы з Пуціным 


Уладзімір Пуцін і Дональд Трамп
Уладзімір Пуцін і Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што «зь нецярпеньнем чакае наступнай сустрэчы» з расейскім калегам Уладзімірам Пуціным. Ён падкрэсьліў, што іх перамовы былі пасьпяховымі, нягледзячы на бурную крытыку як унутры краіны, так і за мяжой. Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

«Саміт з Расеяй быў пасьпяховым, акрамя як у вачах сапраўднага ворага народа — СМІ, што распаўсюджваюць фэйкавыя навіны. Я з нецярпеньнем чакаю нашай другой сустрэчы, каб мы змаглі прыступіць да рэалізацыі шматлікіх рэчаў — барацьба з тэрарызмам, бясьпека Ізраіля, ядзерны распаўсюд, кібэратакі, гандаль, Украіна, мір на Блізкім Усходзе, Паўночная Карэя і многае іншае. Для гэтага існуе шмат рашэньняў: некаторыя простыя, некаторыя складаныя... Але ўсе яны могуць быць вырашаныя», — напісаў прэзыдэнт ЗША ў Twitter.

Напярэдадні ў інтэрвію CBS News Дональд Трамп сказаў, што папярэдзіў Уладзіміра Пуціна аб недапушчальнасьці ўмяшаньня ў амэрыканскія выбары з боку Расеі. Пры гэтым ён адмовіўся сказаць, ці лічыць, што Пуцін хлусіць, адмаўляючы расейскае ўмяшаньне ў выбары. Трамп таксама раскрытыкаваў тое, як амэрыканскія СМІ асьвятлялі саміт.

«СМІ, якія распаўсюджваюць фэйкавыя навіны, вельмі хочуць канфрантацыі з Расеяй, хай нават гэтая канфрантацыя прывядзе да вайны, — напісаў ён у Twitter. — Іх раздражняе, што ў мяне, магчыма, складуцца добрыя адносіны з Пуціным. У нас справы ідуць нашмат лепш, чым у любой іншай краіны!»

У сваю чаргу Ўладзімір Пуцін абвінаваціў амэрыканскія палітычныя сілы ў спробах прынізіць вынікі сустрэчы з Дональдам Трампам.

«Мы бачым, што ў Злучаных Штатах ёсьць сілы, якія з лёгкасьцю гатовыя прынесьці ў ахвяру расейска-амэрыканскія адносіны — у ахвяру сваім амбіцыям падчас унутрыпалітычнай барацьбы ў Амэрыцы. Вядома, было б наіўна меркаваць, што праблемы, якія назапашваліся гадамі, будуць вырашаныя за некалькі гадзін. На гэта ніхто і не разьлічваў. Але шлях да пазытыўных зьменаў ўсё ж пачаты».

Расейскі лідэр папярэдзіў, што асобныя сілы ў ЗША могуць паспрабаваць перашкодзіць паляпшэньню адносінаў, паставіўшы свае групавыя, вузкапартыйныя інтарэсы вышэй за агульнанацыянальныя.

Паведамляецца, што Дональд Трамп загадаў свайму дарадцу па нацыянальнай бясьпецы Джону Болтану запрасіць Уладзіміра Пуціна ўвосень наведаць Вашынгтон.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG