У Пецярбургу прайшлі пікеты ў падтрымку галадоўніка Сянцова і крымскіх татараў

Каля 10 актывістаў выйшлі з адзірночнымі пікетамі на Неўскі праспэкт у расейскім Пецярбургу у падтрымку крымскіх татараў. Акцыя праходзіла ў рамках сусьветнай кампаніі пратэсту «SaveOlegSentsov» — у падтрымку украінца Алега Сянцова, які ад 14 траўня трымае галадоўку ў расейскай турме. Акрамя таго, удзельнікі пікетаў зьвярнулі асаблівую ўвагу на 35-дзённую галадоўку зьняволенага ў Крыме праваабаронцы Эміра-Усэіна Куку, якога вінавацяць у тэрарызме.

Актывісты запатрабавалі спыненьня перасьледу крымскіх татараў і выкананьня ўмоў Сянцова, які патрабуе вызваліць з расейскіх турмаў украінскіх палітвязьняў.

Хто такі Алег Сянцоў?​

Грамадзянін Украіны Алег Сянцоў быў арыштаваны расейскімі акупацыйнымі ўладамі ў Крыме і асуджаны ў Расейскай Фэдэрацыі на 20 гадоў пазбаўленьня волі 25 жніўня 2015 году. Суд прызнаў яго вінаватым у стварэньні ў Крыме тэрарыстычнай групоўкі, кіраваньні ёй, спробе набыць выбуховыя прыстасаваньні і незаконным захоўваньні агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў, дзьвюх тэрарыстычных атаках і падрыхтоўцы яшчэ аднаго тэракту.​

Сянцоў сваёй віны на судзе не прызнаў. 14 траўня 2018 году рэжысэр абвясьціў бестэрміновую галадоўку ў калёніі гораду Лабытнангі. Ён патрабуе вызваліць 64 украінскіх палітзьняволеных, але сябе ў гэты сьпіс не ўключыў.

​Да Сянцова ў калёнію не пускаюць упаўнаважанага Вярхоўнай Рады па правах чалавека Людмілу Дзянісаву. 5 ліпеня да яго ў калёнію пусьцілі стрыечную сястру Натальлю Каплан, якая паведаміла, што ейны брат вельмі пастарэў і схуднеў на 15 кг. Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка з нагоды дня народзінаў Сянцова сказаў, што імя Сянцова працягвае гучаць з усіх міжнародных трыбун.

У Беларусі далучыліся да глябальнай акцыі ў падтрымку палітвязьня Алега Сянцова