Вярхоўны суд анэксаванага Расеяй Крыму прыгаварыў да васьмі гадоў калёніі строгага рэжыму ўкраінца Яўгена Панова па справе «крымскіх дывэрсантаў». Паноў ўжо два гады знаходзіцца пад вартай, суд залічыў іх у тэрмін адбыцьця пакараньня.
Пракуратура прасіла для Панова дзесяць з паловай гадоў калёніі строгага рэжыму.
Грамадзянін Украіны Яўген Паноў быў арыштаваны 10 жніўня 2016 году ў Крыме. Фэдэральная служба бясьпекі Расеі тады паведаміла пра затрыманьне «групы ўкраінскіх дывэрсантаў», якія нібыта рыхтавалі тэракты на паўвостраве. Дзейнасьць групы нібыта каардынавала Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны. Арышты далі нагоду прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну абвінаваціць Кіеў у «пераходзе да тэрору» ў Крыме.
Паводле вэрсіі ФСБ, «дывэрсанты» трапілі ў Крым з тэрыторыі Ўкраіны праз пратоку Сіваш, у выніку чаго загінуў падпалкоўнік ФСБ Раман Каменеў. Сыходзячы назад праз Сіваш, меркаваныя дывэрсанты застрэлілі кантрактніка Сямёна Сычова, які іх заўважыў.
Панова ФСБ назвала «адным з арганізатараў прадухіленых тэрактаў». Разам зь ім тады ж быў затрыманы яшчэ адзін кіроўца, Андрэй Захцей, які мае два грамадзянствы — украінскае і расейскае; ён, паводле вэрсіі ФСБ, павінен быў сустракаць групу ў раёне пасёлку Суворава. Захцея суд у лютым 2018 году прысудзіў да шасьці з паловай гадоў калёніі строгага рэжыму.
У жніўні 2016 году ФСБ прадэманстравала відэазапісы, на якіх Паноў і Захцей прызнаюцца ў падрыхтоўцы дывэрсіі і распавядаюць аб супрацоўніцтве з украінскай выведкай. Аднак на відэа відаць шмат сьлядоў мантажу, а Паноў выглядае змучаным.
Пазьней Паноў расказваў, што ня меў ніякага дачыненьня да тэрактаў. Ён скардзіўся на катаваньні, якімі з яго выбівалі паказаньні, дадзеныя на відэа ФСБ. Пасьля затрыманьня супрацоўнікі ФСБ зьбівалі Панова жалезнай трубой, падвешвалі за кайданкі і білі электратокам, распавёў яго адвакат Дзьмітрый Дзінзэ.
На момант затрыманьня Яўген Паноў быў кіроўцам Запароскай АЭС. Паводле яго слоў, каля 4 гадзін раніцы 7 жніўня ён на сваім аўтамабілі ZAZ Lanos спрабаваў трапіць з падкантрольнай ураду Украіны тэрыторыі ў Крым праз кантрольна-прапускны пункт у раёне Армянску. Аднак яго затрымалі «меркавана, супрацоўнікі ФСБ» і катавалі «на працягу шасьці дзён з асаблівай жорсткасьцю з ужываньнем фізычнага гвалту».