У аршанскіх Курапатах, лясным урочышчы Кабыляцкая гара, актывісты парадкуюць мэмарыял сталінскіх рэпрэсій. Яны дамагліся ад Аршанскага райвыканкаму абяцаньня ўсталяваць там шыльду памяці ахвяр.
Удзельнікі грамадзкай ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы» атрымалі афіцыйны адказ на сваю просьбу аб ушанаваньні памяці іхніх сваякоў — ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Аршанскі райвыканкам абяцаў зрабіць мэмарыяльную шыльду на камені, які яшчэ ў часы СССР быў пастаўлены на месцы расстрэлаў.
У архівах не знайшлі зьвестак пра сталінскія расстрэлы ў Воршы
У лісьце, які атрымала з Аршанскага райвыканкаму ўдзельніца грамадзкай ініцыятывы Ларыса Арэшына, гаворыцца пра некалькі запытаў, зробленых мясцовымі ўладамі. Паводле атрыманых імі адказаў, ні ў Аршанскім архіве, ні ў Віцебскім абласным, ні ў архіве КДБ па Віцебскай вобласьці няма зьвестак пра месцы масавых расстрэлаў у 1920–1950-я гады.
Аднак сваякі ахвяраў сталінізму сабралі доказы таго, што ў 1930-я гады расстрэлы адбываліся на Кабыляцкай гары — у лясным урочышчы непадалёк ад Воршы. На прыём да старшыні райвыканкаму Аляксандра Пазьняка ўдзельнікі ініцыятывы прынесьлі цэлы стос доказаў — копіі дакумэнтаў, атрыманых сваякамі з архіваў КДБ, кажа Свабодзе актывістка ініцыятывы Ларыса Арэшына.
«Напрыканцы 1980-х стала вядома, што адно з расстрэльных месцаў — Кабыляцкая гара. Гэта засьведчана актам адмысловай камісіі, сабранай у 1982 годзе, калі падчас будаўніцтва чыгункі ў тых мясьцінах знайшлі чалавечыя парэшткі. Мы паказалі Пазьняку і шэраг артыкулаў з раённай газэты „Ленінскі прызыў“, дзе гаварылася і пра расстрэлы, і пра помнік рэпрэсаваным».
Акт 1982 году стаў вырашальным і для цяперашніх уладаў
На падставе акту камісіі, у якую ўваходзілі пракурор, лекар-патолягаанатам і яшчэ 4 адказныя асобы, Кабыляцкая гара лічыцца першым у Беларусі афіцыйна прызнаным месцам масавых расстрэлаў.
У 1990-я гады на Кабыляцкай гары паставілі помнік. Спачатку — тыповую «тумбачку», а потым — вялізны камень-валун з мэмарыяльнай шыльдай.
На ёй былі радкі паэткі Ганны Ахматавай: «Хотелось бы всех поименно назвать, да отняли список и негде узнать». Але шыльду скралі вандалы, якія палявалі на каляровы мэтал. Праз колькі месяцаў і новую спасьціг такі самы лёс. А пасьля 1996 году ўлады пра гэтае месца больш ня дбалі, яго парадкавалі толькі мясцовыя актывісты, якія штогод прыходзяць сюды на Дзяды.
Тут зьявіліся і іншыя мэмарыяльныя знакі, самаробныя крыжы і шыльды. Так людзі ўшаноўвалі памяць расстраляных пад Воршай сваякоў.
Што напішуць на новай шыльдзе?
«Аршанскі райвыканкам у двухмесячны тэрмін плянуе ўсталяваць мэмарыяльную шыльду наўзамен страчанай», — гаворыцца ў лісьце, які атрымалі ўдзельнікі ініцыятывы.
Зьмест надпісу на новай шыльдзе ўлады прапануюць абмеркаваць падчас асабістага прыёму. На прыём разам з Ларысай Арэшынай хоча пайсьці Ігар Станкевіч, стваральнік ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы»
«Цяпер мы думаем пра зьмест. Вагаемся, раімся. Магчыма, прапануем свой варыянт надпісу, з улікам сучасных рэаліяў. А магчыма, вернемся да „гістарычнага“ варыянту — радкоў Ганны Ахматавай. Паводле адкрытых крыніцаў мне ўдалося скласьці сьпіс больш як 1750 расстраляных тут асобаў, але іх нашмат болей».
Сустрэча ў Аршанскім райвыканкаме прызначаная на 25 ліпеня. Ігар Станкевіч хоча пагутарыць і пра наданьне гэтым мясьцінам статусу помніка, і пра неабходнасьць іх добраўпарадкаваць. І пра тое, што новая шыльда не павінна зьнікнуць, як дзьве папярэднія — за гэтым мае сачыць міліцыя, а ня толькі грамадзкія актывісты.