Мантажнік расейскай субпадраднай арганізацыі 16 ліпеня ўпаў з вышыні на будоўлі БелАЭС. Мужчына ня выжыў, паведамляе Міністэрства энэргетыкі. Прычыны здарэньня расьсьледуюцца.
За час будоўлі БелАЭС на будаўнічай пляцоўцы было ня менш за дзясятак інцыдэнтаў з будаўнікамі, загінулі некалькі чалавек (прынамсі тры). Намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі назваў такія лічбы «прымальнымі». Было некалькі выпадкаў, калі спачатку кіраўніцтва БелАЭС адмаўляла факты гібелі рабочых на будаўнічай пляцоўцы, аднак пасьля розгаласу ў СМІ усё ж вымушана было гэта прызнаць.
5 нязручных пытаньняў уладам пра БелАЭС
5 адказаў ад Дзяржатамнагляду на пытаньні пра бясьпеку БелАЭС
У Беларусі гучаць выказваньні аб замоўчваньні няштатных сытуацыяў на БелАЭС. Так, пра падзеньне і пашкоджаньне корпусу рэактару БелАЭС улады паведамілі зь вялікім спазьненьнем і толькі пасьля шырокага розгаласу ў СМІ. Гучаць таксама сумневы ў мэтазгоднасьці станцыі і бясьпечнасьці захаваньня радыяактыўных адходаў у Беларусі.
Незадаволеныя «інфармацыйным суправаджэньнем» БелАЭС ёсьць ня толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Так, суседняя Літва сьцьвярджае, што стрэс-тэсты БелАЭС не адказваюць на галоўныя пытаньні, сфармулявала больш за 100 заўваг пасьля вывучэньня стрэс-тэстаў, назвала 10 прычынаў не будаваць БелАЭС і рыхуецца да аварыі на беларускай станцыі.