У чаканьні гуманітарнай катастрофы і выбараў. Украіна апынулася на парозе крызісу пітной вады

Ілюстрацыйнае фота

На мінулым тыдні адразу некалькі водаканалаў абласных цэнтраў Украіны заявілі пра дэфіцыт хлёру для ачышчэньня вады і магчымае спыненьне забесьпячэньня бытавога сэктару халоднай вадой.

Гэта магло прывесьці да паралічу ўсёй агульнадзяржаўнай сыстэмы ачышчэньня пітной вады і ўрэшце да гуманітарнай катастрофы – нават пры дастатковай колькасьці дэзынфэктараў якасьць пітной вады ва Ўкраіне ня самая добрая ў Эўропе.

Але гэтыя заявы не справакавалі панікі сярод насельніцтва і ніхто ня кінуўся ў крамы па запасы пітной вады. Ці сапраўды ва Ўкраіне ёсьць перадумовы воднага крызісу, і чаго ў іх больш – палітыкі ці эканомікі?

Першапрычына — газ

У сярэдзіне чэрвеня адно з найбольшых прадпрыемстваў хімічнай прамысловасьці Ўкраіны, акцыянэрнае таварыства «ДніпроАзот», падкантрольнае ўкраінскаму алігарху Ігару Каламойскаму, якое зьяўляецца адзіным у краіне вытворцам сродкаў дэзынфэкцыі вады, заявіла пра вымушанае спыненьне хлёрнай вытворчасьці з прычыны павелічэньня цаны на прыродны газ.

Ігар Каламойскі, архіўнае фота

Што праўда, хлёр ёсьць другаснай прадукцыяй гэтага прадпрыемства – яно спэцыялізуецца на азотных ўгнаеньнях для аграрнага сэктару і хімічных злучэньнях для мэталюргіі.

Урад Украіны на гэтую заяву адрэагаваў не адразу, бо цэны на газ – вельмі адчувальнае пытаньне для ўкраінскай эканомікі і галаўны боль для Кабінэту міністраў. Ужо амаль год Міжнародны валютны фонд для далейшага крэдытаваньня краіны патрабуе ад ураду павялічыць цану прыроднага газу для насельніцтва. Цяпер прамысловасьць набывае газ па цане 10 тысяч грыўняў за тысячу кубамэтраў, у той час як грамадзяне – на ўзроўні 7 тысяч грыўняў (адпаведна 385 і 270 даляраў у эквіваленце).

«Гаворка ідзе пра тое, каб цану зрабіць адзінай. Я катэгарычна з гэтым ня згодны. І таму год мы вядзём сур'ёзную дыскусію з МВФ. Мы шукаем правільны падыход. Але важна, каб украінцы не пацярпелі ад гэтага. І патрэбны адэкватныя кампэнсатары», — сказаў прэм’ер-міністар Уладзімір Гройсман.

Паводле яго, «ДніпроАзот» мусіць набываць газ па такіх жа цэнах, як і ўся іншая прамысловасьць. «Няма таннага газу. Ніхто ня будзе прадаваць газ таньней, чым па 10 тысяч грыўняў. Гэта відавочны факт. І дзяржава ня можа прадаваць таньней, чым вартасьць здабычы газу, бо гэта будуць выдаткі і хтось можа пайсьці за гэта ў турму. Рашэньня па гэтым пытаньні няма», — адзначыў прэм’ер.

Вады няма, жыцьця ня будзе

Другую хвалю катастрафічных папярэджаньняў узьнялі водаканалы і найперш тыя, што маюць форму прыватнай уласнасьці. У рэгіёнах часьцей гэта камунальныя прадпрыемствы. У Кіеве кантрольны пакет акцый належыць дэпартамэнту камунальнай уласнасьці гарадзкіх уладаў, а мінарытарны – загадкавым афшорам. Менавіта «Кіеўводаканал» першым і абвясьціў, што пастаўка пітной вады на ўсёй тэрыторыі Ўкраіны пад пагрозай. Усьлед і абласныя водаканалы пачалі заяўляць: хлёру засталося на сем дзён, на пяць, на тры дні…

Ва ўрадзе парад пагроз успрынялі як шантаж.

Ілюстрацыйнае фота

​«Пытаньне цану газу ня ёсьць форс-мажорам для спыненьня паставак і выкананьня гаспадарчым суб'ектам дамовы на пастаўку хлёру. Асабліва ва ўмовах, калі за апошні год «ДніпроАзот» павялічыў цану на хлёр на 300 % для водаканалаў, кантракт мае быць выкананы», — заявіў віцэ-прэм'ер-міністар, міністар рэгіянальнага разьвіцьця, будаўніцтва і ЖКГ Украіны Генадзь Зубко.

Віцэ-прэм’ер таксама папярэдзіў, што невыкананьне наўпроставых абавязкаў паводле кантрактаў можа пацягнуць адміністрацыйную адказнасьць, а пры ўплыве на крытычную інфраструктуру забесьпячэньня жыцьцядзейнасьці (якою і ёсьць водазабесьпячэньне) — крымiнальную. Адначасова ўрад скіраваў у Антыманапольны камітэт Украіны заяву, каб той вывучыў манапольнае становішча «ДніпроАзоту» на рынку і яго ўплыву на сытуацыю.

Цяпер большасьць водаканалаў ва Ўкраіне на першым этапе ачышчэньня вады выкарыстоўваюць менавіта хлёр – ён складае 1 адсотак у тарыфах. Некаторыя прадпрыемствы пачалі пераходзіць на іншыя дэзынфэктары, але зрабіць гэта за тыдзень практычна немагчыма.

У адказ прадпрыемства «ДніпроАзот» накіроўвае ў Кіеў групу пратэстоўцаў пад будынак ураду, але і гэтая акцыя застаецца безвыніковай. Урад адкрывае магчымасьці для ўвозу вадкага хлёру з Румыніі, Польшчы і Славеніі, што ў далейшым можа адбіцца на павелічэньні тарыфаў. Але ўкраінскае прадпрыемства так працу і не аднавіла.

Праблема ёсьць, але не катастрафічная

Экспэрт Інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў «Новая Ўкраіна» (Кіеў) Вячаслаў Патапенка мяркуе, што ў сытуацыі з забесьпячэньнем водаканалаў дэзынфэктарамі больш ажыятажу:

«Сапраўды, ёсьць толькі адно прадпрыемства, што вырабляе неабходны кампанэнт, пры дапамозе якога ажыццьцяўляецца падрыхтоўка вады да бытавога выкарыстаньня, той вады, якая падаецца ў краны для спажыўцоў. З другога боку, гаворка пра тое, што для вытворца праз павелічэньне цаны на газ вытворчасьць хлёру становіцца нерэнтабэльнаю. Перайсьці на іншы кампанэнт (хоць, безумоўна, хлёр найбольш аптымальны) таксама ня так проста, але існуе шмат розных сродкаў, каб падрыхтаваць ваду да спажываньня».

Сымфэропальскае вадасховішча, архіўнае фота

«Гэтую сытуацыю штучна разьдзімаюць і кажуць, што будзе катастрофа. Але насамрэч гэтае прадпрыемства хоча атрымаць пэўныя прэфэрэнцыі», — перакананы экспэрт.

Патапенка мяркуе, што неўзабаве хлёр будзе заменены іншымі сродкамі дэзынфэкцыі або прадукацыяй замежных вытворцаў.

«У нас шмат гавораць ня толькі пра водаканалы, а і пра вайну, пра тэрарызм, пра пазачарговыя выбары, пра адключэньне газу зімой… Але далёка ня ўсе гэтыя прагнозы спраўджваюцца. Нашы сродкі масавай інфармацыі настроеныя на распаўсюджаньне панічных настрояў. Гэта такі стыль працы — калі няма палітычных ці вайсковых нагод, то выкарыстоўваюць экалягічныя. Я ня бачу падстаў казаць, што праблема невырашальная. Яна ёсьць, але не катастрафічная, і існуюць шляхі яе вырашэньня. Ёсьць імпарт. Гэта як і з бэнзінам. У нас застаўся толькі адзін з 7 нафтаперапрацоўчых заводаў. І мы жывём. Мы шмат у чым залежым ад імпарту. Вядома, гэта няправільна, дорага, нерацыянальна, але гэта не азначае, што немагчыма замяніць імпартам крытычную прадукцыю», — падкрэсьліў экспэрт.

Нагнятаньне перад выбарамі?

Экспэрты не выключаюць, што такіх «катастрафічных» сцэнарыяў з набліжэньнем выбараў ва Ўкраіне можа правакавацца ўсё больш – чарговыя прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары ва Ўкраіне маюць адбыцца налета. Адзін з уплывовых чыньнікаў на іх менавіта алігархічны.

Ілюстрацыйнае фота

Уласьнік «ДніпроАзоту» Ігар Каламойскі раней узначальваў Днепрапятроўскую вобласьць, але быў адпраўлены ў адстаўку, а зь цягам часу быў нацыяналізаваны і ягоны банк «Прыват». Тады алігарх заявіў, што трапіў «пад удар» таму, што адмовіўся ад угоды з прэзыдэнтам, як іншыя найбуйнейшыя бізнэсоўцы Ўкраіны. І кінуў усьлед некалькі рэзкіх выказваньняў непасрэдна ў адрас Пятра Парашэнкі, маўляў, той адрозьніваецца ад былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча толькі «лепшаю адукацыяй, добраю ангельскаю і адсутнасьцю судзімасьці».

Вясной падкантрольная Ігару Каламойскаму кампанія «Укртатнафта» спрабавала дэстабілізаваць сытуацыю рынку аўтамабільнага паліва ва Ўкраіне, патрабуючы ад Міністэрства эканамічнага разьвіцьця і гандлю абмежаваць прысутнасьць беларускіх нафтапрадуктаў. Але Міжведамасная камісія ў пытаньнях міжнароднага гандлю палічыла немэтазгодным ўвядзеньне антыдэмпінгавых абмежаваньняў, бо гэта магло прывесьці да дэфіцыту нафтапрадуктаў і імклівага павелічэньня цэнаў як на паліва, так і на іншыя спажывецкія тавары.

Цяпер Каламойскі спрабуе вярнуць сабе статус уплывовага гульца ва ўкраінскай палітыцы. У красавіку ён заявіў, што на наступных выбарах падтрымае любога з кандыдатаў, апроч цяперашняга кіраўніка дзяржавы Парашэнкі.