«Капітан Чыркоў мяне агаварыў, бо баяўся праверкі», — Зьміцер Галко даў паказаньні на судзе за «гвалт над міліцыянтам»

Журналіст Зьміцер Галко ў судзе

На трэці дзень судовага працэсу, які адбываецца ў Савецкім раённым судзе Менску над журналістам Зьмітром Галко за напад на міліцыянта, адбыўся допыт абвінавачанага. Працэс працягнецца ў панядзелак, 16 ліпеня.

Галко заявіў у судзе пра катаваньні

«Рэпартэры бязь межаў» заклікалі вызваліць Зьмітра Галко

Зьміцер Галко цалкам не прызнаў віны і не згадзіўся з прыпісаным яму матывам (нібыта ён напаў на міліцыянтаў з мэтай адпомсьціць ім): маўляў, «я ніколі раней іх ня бачыў, якая помста?». Ён толькі дапусьціў, што мог ненаўмысна разьбіць тэлефон міліцыянта, калі спрабаваў выправадзіць яго з кватэры, бо той «увайшоў незаконна».

«Ня ведаў, што падлеткі набылі алькаголь»

Галко паведаміў, што 25 лістапада 2017 году на кватэры, якую арандавала ягоная былая жонка Вольга Краўчук, адбывалася вечарынка сына Яна зь сябрамі, прымеркаваная да ягонага дня народзінаў. Паводле падсуднага, сын зьбіраўся пазнаёміць зь ім сяброў, а ён паглядзець на сынавых сяброў, «бо раней аддаліўся ад сям’і».

Ян Галко прыйшоў прыкладна з 15-17 сябрамі, прыгадаў падсудны. Бацька вырашыў не замінаць сыну і сябрам, «толькі выходзіў на балькон курыць, а яны там курылі таксама, але пры мне не брыдкасловілі». Сьпіртнога ён падлеткам не купляў і ня ведаў, што яны яго прынесьлі і ўжываюць.

Зьміцер Галко сказаў, што сам ня піў і ў якасьць доказу правёў факт, што ў ягонай адміністрацыйнай справе, заведзенай пасьля здарэньня, няма зьвестак пра тое, што ён быў нецьвярозым.

«Не паказалі дакумэнтаў і не назваліся»

Як сьцьвярджае Зьміцер Галко, міліцыянты «не паказвалі дакумэнтаў і не называліся». Яны заявілі, што суседзяў непакоіць шум, Галко пагадзіўся сьцішыць музыку.

«Але далей Чыркоў мяне адпіхнуў плячом і прайшоў у кватэру, астатнія — за ім», — расказаў суду Зьміцер Галко.

Ён і цяпер перакананы, што міліцыянты парушылі закон, уварваўшыся ў кватэру. Маўляў, законнай падставай можа быць або ордэр, або падазрэньні, што ў кватэры адбываецца злачынства, «але ні таго, ні другога не было». Пры гэтым падсудны згадаў, што капітан Юрый Чыркоў агучваў яму свае падазрэньні: што ў кватэры нібы можа быць наркапрытон ці парнастудыя. Зьмітра гэта вельмі абурыла, ён пачаў «яшчэ ня груба, але рэзка» патрабаваць ад міліцыянтаў выйсьці. Аднак тыя, паводле падсуднага, пачалі аглядаць кватэру, а капітан Чыркоў уключыў відэа на мабільніку і стаў здымаць падлеткаў, якія паселі на канапе.

«Вось тады я ўзяў Чыркова за куртку і вывеў з пакоя. Але ня памятаю, каб выбіваў у яго тэлефон», — кажа Галко, адмаўляючы, што гэта быў менавіта напад.

Ці быў АМАП?

Менш як праз хвіліну, сьцьвярджае Галко, зьявіўся нарад міліцыі. Супрацоўнікі выслухалі капітана Чырыкава, журналісту «пачалі заломваць рукі ды надзяваць кайданкі». Сын зьбіраўся заступіцца за бацьку, але Зьміцер яго спыніў.

Неўзабаве пасьля першага нараду міліцыі зьявіўся другі, потым увайшоў міліцыянт у форме, больш падобнай на вайсковую, прыгадаў падсудны. Паводле Зьмітра Галко, той міліцыянт стаў гучна камандаваць: «Усім стаяць!», яму ўсе падпарадкоўваліся.

«Раптам нехта, можа, гэты новы, ужыў супраць мяне прыём, і мяне павалілі на падлогу, прычым разьбілі пры гэтым мэблю. Гэтак жа рэзка павалілі майго сына Яна, — казаў Галко. — Далей я ляжаў і расказваў таму начальніку-міліцыянту, што адбывалася раней. Казаў, нешта вы ня тое зрабілі».

«Я пагадзіўся з тым, што лаяўся матам. Гэта было»

Паводле Зьмітра Галко, з кватэры яго адвезьлі ў Савецкі РУУС, там прапанавалі даць тлумачэньні. Ён папрасіў зьняць кайданкі, але міліцыянты адмовіліся, і тады Галко адмовіўся даваць тлумачэньні. Ён кажа, ніякага пратаколу на яго ў міліцыі не складалі.

«Тое, што мне далі на подпіс, гэта было ўжо на Акрэсьціна, перад адміністрацыйным судом, — казаў Галко. — Так, я пагадзіўся з тым, што лаяўся матам. Гэта было».

«Агаварыў мяне, бо нарабіў шмат чаго незаконнага»

Галко мяркуе, што капітан міліцыі яго агаварыў, «бо незаконна ўвайшоў у кватэру вядомага чалавека, плюс тры юнакі ў выніку атрымалі траўмы».На пытаньне, чаму ў капітана Чыркова аказаліся цялесныя пашкоджаньні, Галко заявіў, што ня ведае адказу. Ён прызнаў толькі, што рукой выпіхваў міліцыянта Чыркова з кватэры.

«Я яго ня біў, і гэта нават тэарэтычна немагчыма ў той пазыцыі, пра якую ён кажа, — заявіў Галко. — Заўважу, што ён тройчы мяняў паказаньні».

Суд праглядзеў відэа, запісанае на мабільны тэлефон Чырковым ў кватэры Зьмітра Галко. Вытрымка зь відэа, на якім дрэнна відаць «чалавека, падобнага на Зьмітра Галко»:

«— Я пры выкананьні, не чапайце мяне.
— Выйдзіце адсюль вон, вы тут незаконна.
— Не чапайце мяне, яшчэ раз кажу. Тут знаходзяцца непаўналетнія...
— Выйдзі, прыйдзеш сюды з ордэрам, б…»

Адвакатка Натальля Мацкевіч спытала ў капітана Чыркова, чаму на гэтых словах быў спынены запіс. Пацярпелы сказаў, што спыніў запіс сам, «каб гарантаваць сваю бясьпеку». Куды дакладна пасьля гэтага ён паклаў свой мабільны, капітан Чыркоў ня памятае: «Кудысьці ў адзежу».

Адвакатка зьвярнулася да суду з трыма хадайніцтвамі, але суд адмовіўся запатрабаваць адміністрацыйную справу Зьмітра Галко і запытваць зьвесткі са шпіталя хутай дапамогі аб часе выезду лекараў на кватэру Галко. Хадайніцтва аб запыце ў міліцыі зьвестак аб прычыне ўжываньня да Галко спэцсродкаў суд задаволіў.

Сьведка бачыў толькі адну бутэльку сьпіртнога

Перад тым суд дапытаў непаўналетняга сьведку Ільлю, які сказаў, што Галко спакойна патрабаваў ад міліцыянтаў выйсьці зь ягонай кватэры, але міліцыянты ўсё роўна зайшлі, казалі, што падазраюць, што тут нібыта знаходзіцца парнастудыя.

Сьведка чуў гукі нейкай сутычкі, але ня бачыў бойкі паміж Галко і міліцыянтам. Чуў, як яны крычалі адзін на аднаго. Хто лаяўся матам, ён вызначыць ня можа.

Сам Ільля не ўжываў сьпіртнога і сказаў, што бачыў у кватэры толькі адну бутэльку з алькаголем.

Ільля сказаў, што падчас допыту ў міліцыі ён вельмі баяўся: «Выціскалі інфармацыю… ня ведаю, як гэта патлумачыць. Мне было і страшна, і сорамна».

Непаўналетні «выпіў, але толькі піва»

Празь няяўку некаторых сьведак суд вырашыў агучыць іхныя паказаньні, дадзеныя на сьледзтве.

Непаўналетні сьведка К. паведаміў, што на дні народзінаў у кватэры Галко выпіў піва, Зьміцер Галко «на гасьцёй увагі не зьвяртаў». Пасьля таго, як прыйшлі міліцыянты, бачыў, што Зьміцер Галко ляжаў на падлозе ў кайданках.

Непаўналетняя сьведка Настасься сказала, што ня бачыла, каб нехта некага біў, калі ў кватэру ўвайшлі міліцыянты. Чула спрэчку паміж бацькам Яна Галко і міліцыянтамі і потым бачыла, як на Зьмітра Галко і на ягонага сына Яна надзявалі кайданкі.