Дэмантаж магільных агароджаў і ўсталяваньне тыпавых надмагільляў на Кальварыі можа пачацца ўжо ў наступным годзе.
Пра тое, што ўсе могілкі Менску, у тым ліку Кальварыйскія, будуць добраўпарадкаваныя на ўзор Вайсковых, на адмысловай прэс-канферэнцыі расказаў намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Віктар Лапцеў.
«На сёньня тэрмін уведамленьняў (пра неабходнасьць добраўпарадкаваць пахаваньне, якія супрацоўнікі Спэцкамбінату пакідаюць ля старых надмагільляў для родных і блізкіх пахаваных. — РС) на іншых могілках скончыцца, наколькі я памятаю, у гэтым годзе, — сказаў Віктар Лапцеў. — І працы па добраўпарадкаваньні будуць праводзіцца пачынаючы з наступнага. Калі гаварыць канкрэтна па працах на Кальварыйскіх могілках, то сёньня такіх плянаў яшчэ няма. Але ў любым выпадку парадак там наведзены будзе».
Чыноўнік таксама паведаміў, што ў Менгарвыканкаме разгледзяць магчымасьць улічыць некаторыя крытычныя заўвагі, якія былі агучаныя пасьля пачатку добраўпарадкаваньня Вайсковых могілак.
«Безумоўна, пэўны досьвед і меркаваньні, у тым ліку грамадзкія, будуць улічвацца, — сказаў Лапцеў. — Мы б не хацелі прыцягваць нэгатыў. Мы б хацелі, каб працэс добраўпарадкаваньня праходзіў спакойна. Але парадак на ўсіх могілках будзе наводзіцца. У тым ліку і на Кальварыйскіх».
Кальварыйскія могілкі — гэта самы стары нэкропаль у Менску. Налічвае каля 30 тысяч пахаваньняў (на Вайсковых — каля 8 тысяч). Вядомыя з канца 18 стагодзьдзя. Зьяўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю першай катэгорыі, ахоўваюцца дзяржавай.
Інстытут гісторыі пра Вайсковыя могілкі: «Надмагільлі з гістарычнай інфармацыяй павінны быць захаваныя»
У канцы чэрвеня ўлады паабяцалі прыпыніць добраўпарадкаваньне Вайсковых могілак. Актывісты сьцьвярджалі, што «добраўпарадкаваньне нагадвае знос», і заклікалі да абароны могілак. Рабочыя ў час «рэканструкцыі» ставіліаднолькавыя сучасныя надгалоўнікі замест унікальных надмагільляў. Выявілася, што рэканструкцыя Вайсковых могілак вялася без праекту і з парушэньнямі ўмоваў Мінкульту.