«Небясьпечны для Расейскай Фэдэрацыі». Арцёма Маркіна затрымалі на навуковай канфэрэнцыі быццам праз забарону ўезду ў краіну, пасьля абвінавацілі ва ўжываньні наркотыкаў, цяпер вызвалілі.
Актывіст беларускага анархісцкага руху Мікалай Дзядок расказаў БелаПАН, што затрыманы ў Расеі беларускі анархіст Арцём Маркін быў вызвалены 11 чэрвеня з абавязкам пакінуць краіну.
«Яго спрабавалі разгаварыць супрацоўнік ФСБ і супрацоўнік Цэнтру барацьбы з экстрэмізмам МУС Расеі, — сьцьвярдае Дзядок. — Ён ня стаў зь імі размаўляць. Таму ў якасьці помсты павялі на агляд, ад якога ён таксама адмовіўся. Далі трое сутак».
Паводле першай часткі артыкулу 6.9 Адміністрацыйнага кодэксу Расеі, адмова ад мэдычных агледзінаў дае падставы меркаваць пра ўжываньне наркотыкаў ці псыхатропаў без папярэдняга прызначэньня лекара. Артыкул прадугледжвае штраф ці арышт да 15 сутак. Куды зьнікла абвінавачаньне, невядома.
Цяпер Маркін мае пакінуць Расею да 13 ліпеня, прадпісаньне мае фармулёўку «небясьпечны для Расейскай Фэдэрацыі».
Супрацоўнікі Фэдэральнай службы бясьпекі затрымалі Арцёма Маркіна 8 ліпеня падчас навуковай канфэрэнцыі «Прамухінскія чытаньні» 8 ліпеня ў Цьвярской вобласьці праз забарону ўезду ў Расею. Чаму Маркіну забаронены ўезд у Расею і як ён бесьперашкодна дабраўся да Цьвярской вобласьці, невядома. Пэўны час да затрыманага не пускалі адвакатаў.
***
«Прамухінскія чытаньні» — навуковая канфэрэнцыя, якая кожнае лета праводзіцца ў Цьвярской вобласьці. Сёлета яна была прысьвечаная тэме «Рэвалюцыя і культура». Як паведамляе сайт канфэрэнцыі, на ёй абмяркоўваюцца пытаньні разьвіцьця анархісцкіх ідэй і праблемы іх сучаснага ўвасабленьня. Таксама ў фокусе ўдзельнікаў чытаньняў — жыцьцё і дзейнасьць членаў сям’і Бакуніна, а таксама гісторыя прамухінскай сядзібы і пытаньні захаваньня культурнай спадчыны.
Дзядок нядаўна расказваў пра жорсткае затрыманьне анархістаў у Беларусі: 30 чэрвеня каля Крупак беларускія сілавікі разагналі нефармальную сустрэчу, у якой удзельнічалі два дзясяткі чалавек. Паводле Дзядка, было чуваць аўтаматныя стрэлы, людзі ў камуфляжы і масках схапілі людзей, паставілі на калені, здымалі на камэру, але празь некалькі гадзінаў вызвалілі. Дзядок падаў скаргу ў Крупскі аддзел Сьледчага камітэту наконт перавышэньня службовых паўнамоцтваў.