Удзельнікі анархісцкага руху Беларусі паведамляюць у сацыяльных сетках, што іх сустрэчу пад Крупкамі разагнаў са зброяй Спэцыяльны атрад хуткага рэагаваньня (СОБР).
Былы палітвязень Мікола Дзядок расказвае, што 30 чэрвеня 17 анархістаў сабраліся за горадам, паставіўшы пад Крупкамі намёты. «Каля 15:00, калі мы рыхтаваліся да чарговага абмеркаваньня, з хмызоў раздалася аўтаматная чарга і сталі выбягаць маскі ў бронекамізэльках і з разнастайнай зброяй... і з крыкамі: „Ляжаць! Усім на зямлю!“, — паклалі ўсіх».
Сілавікоў, паводле іншых відавочцаў, было каля 15 чалавек, яшчэ 25 — у цывільным. Яны абшукалі анархістаў і іх намёты, здымалі ўсіх на відэакамэру, апранулі кайданкі і не дазвалялі некалькі гадзінаў падняцца зь зямлі, хаця ішоў дождж.
У выніку сямігадзіннай спэцапэрацыі склалі два пратаколы: за «Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» і парушэньне экалёгіі («Незаконнае выдаленьне расьліннасьці»), канфіскавалі анархісцкія брашуры і стыкеры. Нікога не затрымалі, аднак на 6 ліпеня выдалі позвы.
У СМІ рэгулярна зьяўляецца інфармацыя аб перасьледзе анархістаў за іх погляды і аб тым, што супраць іх часта выкарыстоўваецца гвалт і псыхалягічны ціск.