FIFA запрасіла выратаваную тайскую футбольную каманду прыехаць на фінал чэмпіянату сьвету 2018

Плякат, на якім напісана «Сардэчна запрашаем дадому, хлопчыкі», прысьвечаны выратаваным падлеткам. Тайлянд, 9 ліпеня 2018 году

Міжнародная фэдэрацыя футбола (FIFA) запрасіла дзяцей, якіх нядаўна выратавалі з затопленай пячоры ў Тайляндзе, узяць удзел у фінале чэмпіянату сьвету ў Маскве 15 ліпеня, але лекары кажуць, што ім рана ажыцьцяўляць такую вандроўку.

Апошнія ўдзельнікі групы з футбольнага клюбу Wild Boars выйшлі з затопленага пячорнага комплексу 10 ліпеня — яны правялі пад зямлёй 17 дзён. Іх верталётам, а потым аўтатранспартам даставілі ў лякарню, разьмешчаную за 70 кілямэтраў ад пячоры.

Хлопцы ва ўзросьце 11-16 гадоў і іхны трэнэр застаюцца ў шпіталі.

23 чэрвеня 12 гульцоў дзіцячай футбольнай каманды ва ўзросьце ад 11 да 16 гадоў з трэнэрам схаваліся ў пячоры ад дажджоў, але апынуліся ў пастцы: уваход у пячору неўзабаве затапіла празь ліўні. Хлопчыкаў удалося знайсьці толькі празь дзевяць дзён.

Выратавальная апэрацыя прыцягнула ўвагу ўсяго сьвету, ратаваць сабраліся вадалазы з многіх краінаў сьвету, у першую чаргу з Эўропы. Падчас апэрацыі адзін зь іх — тайляндзкі ратавальнік — загінуў. Самарн Куна вяртаўся з гроту, у якім знаходзіліся дзеці, праз затопленыя праходы, калі ў яго скончыўся кісларод, і страціў прытомнасьць.

Падчас выратавальнай апэрацыі

Пячора Тхам Люанг складаецца з вузкіх праходаў, якія вядуць да гроту, які зноў пераходзіць у вузкія праходы. Усяго яна расьцягнутая на 10 кілямэтраў, яе глыбіня адрозьніваецца. Меркавалася, што хлопчыкі знаходзіліся на глыбіні ад двух кілямэтраў да 800 мэтраў. Уваход у пячору знаходзіўся пад вадой, і дабрацца да дзяцей можна было толькі праз вузкае «жарало», у якім зь цяжкасьцю зьмяшчаецца адзін чалавек.

Як падлеткі ў Тайляндзе апынуліся ў пастцы і чаму іх складана дастаць на паверхню. Відэа