У Беларусі 3 ліпеня адзначаецца афіцыйны Дзень Незалежнасьці, ён жа — Дзень Рэспублікі. Сьвята праходзіць у гадавіну вызваленьня Менску савецкімі войскамі ад нямецкіх войскаў у Другой усясьветнай вайне.
Сьвяточны парад вайсковай тэхнікі ў Менску прымаў Аляксандар Лукашэнка. У прамове ён казаў, што Беларусь «робіць самыя рашучыя захады па ўмацаваньні вайсковай бясьпекі», бо хоць краіна «дэманструе міралюбную палітыку», ёй «нельга расслабляцца», нагадаў пра «ініцыятыву маштабнага міжнароднага дыялёгу па ўмацаваньні бясьпекі».
Лукашэнка: «За сваю незалежнасьць мы ўжо пераплацілі»
Парад сёлета быў амаль цалкам вайсковы — цывільны складнік абмежаваўся групавым танцам пад беларускамоўныя песьні.
Летась на парадзе паказвалі трактары ў капелюшах, пральныя машыны, каўбасы і ўнітазы. Ад 2011 да 2015 году Аляксандар Лукашэнка прымаў парады 3 ліпеня з сынам Мікалаем, але сёлета на пляцы ён быў бяз сына.
Тым часам на парадзе былі вайскоўцы з Расеі і Кітаю (таксама беларускія вайскоўцы выносілі сьцягі СССР), упершыню на парад выйшлі беларускія вайскоўцы-жанчыны і курсанты вайсковых вучэльняў.
Напярэдадні параду Міністэрства абароны адказала крытыкам, якія наракалі, што парад дарагі і псуе асфальт: парад параўналі зь вясельлем, падчас якога «б’юць фужэры на шчасьце».