Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наступнае — мэдаль «За взятие Минска»


Дзень 3 ліпеня мае дачыненьне да чаго заўгодна, але не да незалежнасьці Беларусі.

Паслы розных краінаў, запрошаныя пазалетасьць на прыём у беларусія дыпляматычныя місіі з нагоды 25-годзьдзя незалежнасьці, шукалі ў даведніках ды інтэрнэце: якая ж падзея адбылася 3 ліпеня 1991 года?

Адказу не было. Раней, 1 ліпеня, у Празе быў падпісаны пратакол аб ліквідацыі Варшаўскай дамовы, пазьней 5 ліпеня, канцлер Нямеччыны Гельмут Коль сказаў Гарбачову, што «важна пазьбягаць дзеяньняў, якая б стваралі на Захадзе адчуваньне, што СССР вось-вось разваліцца на канглямэрат асобных рэспублік».

А 3 ліпеня 1991 не адбылося нічога асаблівага — ні ў Беларусі, ні ў сьвеце.

Праўда, Вікіпэдыя нагадвае пра тры адметныя падзеі 3 ліпеня ў іншыя гады: у 1655 маскоўскія войскі захапілі і спустошылі Менск, у 1660 войскі Паўла Сапегі вызвалілі Менск ад расейскіх захопнікаў, а ў 1944 войскі Чырвонай Арміі вызвалілі Менск ад нацыстаў.

Ніякім чынам гэтыя падзеі з дасягненьнем незалежнасьці краіны ў традыцыйным, клясычным разуменьні, не зьвязанае.

Насмрэч, ініцыятары пераносу ў 1996 годзе дзяржаўнага сьвята цудоўна ўсьведамлялі, што 3 ліпеня 1944 — ніякі ня дзень незалежнасьці. Ім важна было сьцерці з народнай памяці ўсё, што хоць неяк нагадвае пра пачатак 1990-х, калі беларускі народ вырываўся з-за кратаў імпэрыі ды браў свой лёс у свае рукі.

Гэтак жа, як камуністычная ўлада вынішчыла (як ёй здавалася) усё, зьвязанае з БНР у 1918-м.

І парад, які адбываецца ў гэты дзень, прымушае ўспомніць яшчэ адну падзею — 3 ліпеня нарадзіўся Франц Кафка.

Парадам будзе камандаваць міністар абароны краіны, чыя ведамасная газэта атаясамлівае з сабакамі грамадзянаў гэтай краіны, а менавіта тых, хто меў нахабства ўсумніцца ў мэтазгоднасьці псаваньня асфальту гусеніцамі (артыкул «Сабака лает, а караван идёт» у «Во славу Родины»).

Парад пройдзе пад сьцягам, які, зь нязначнымі мадыфікацыямі, капіюе сымбаль прыналежнасьці Беларусі ад камуністычнай імпэрыі і абсалютнай залежнасьці ад Масквы.

На кукардах удзельнікаў параду будзе герб, намаляваны кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі пасьля банкету ў мітрапаліта Расейскай праваслаўнай царквы.

Над менскім небам праляцяць самалёты, якія бяруць удзел у сумесных манэўрах з ваенна-паветранымі сіламі краіны, кіраўнік якой апантаны ідэяй імпэрскасьці, а здабыцьцё незалежнасьці былымі сваімі рэгіёнамі (у тым ліку і Беларусьсю) лічыць «геапалітычнай катастрофай».

На гасьцявых трыбунах будзе (напэўна) міністар фінансаў дзяржавы, які днямі заявіў, што для публікацыі заканадаўчых актаў дзяржавы на дзяржаўнай мове трэба прымаць нейкае асобнае рашэньне.

Але ня будзе тых, чые прозьвішчы сымбалізуюць не «парадную», а сапраўдную, пакутніцкую гісторыю Беларусі, ейны шлях да Незалежнасьці – акадэміка Радзіма Гарэцкага, Маі Кляшторнай, Антона Фурса.

Ня будзе на трыбунах і нікога з тых, хто дамагаўся гэтай Незалежнасьці у 1980-х -- пачатку 1990-х, актывістаў Народнага Фронту і дэпутатаў Апазыцыі БНФ.

Проста фантастыкай было б убачыць побач зь міністрамі Вінцука Вячорку ды Сяргея Дубаўца, Валянціна Голубева ды Юрася Беленькага, Сяргея Антончыка ды Лявона Баршчэўскага. Зрэшты, перакананы, і колішніх кіраўнікоў Беларусі Станіслава Шушкевіча і Мечыслава Грыба ня будзе.

Хаця ў якой заўгодна іншай краіне (дэмакратычнай ці аўтарытарнай, ня важна) такія асобы, незалежна ад іх стаўленьня да дзеючай улады, на падобную ўрачыстасьць былі б запрошаныя – толькі з-за павагі да іх заслугаў у дасягненьні Незалежнасьці.

У любой іншай, але не ў Беларусі.

Бо Беларусь — гэта адзіная краіна ў сьвеце, кіраўнік якой ганарыцца, што не галасаваў за яе Незалежнасьць (сапраўды, дэпутат Лукашэнка 25 жніўня 1991 ня толькі не галасаваў, але нават адмовіўся рэгістравацца).

А значыць, кіраўніку ня варта і абурацца, калі нехта з замежных журналістаў называе Беларусь «недадзяржавай», і ня варта зьдзіўляцца, калі прэзыдэнт суседняй краіны надае вайсковаму падразьдзяленьню імя «Віцебскай».

Бо наступным можа быць — мэдаль «За взятие Минска».

А можа, і ганаровай граматай абыдуцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG