29 чэрвеня ўрачыста адкрыты мэмарыяльны комплекс «Трасьцянец». Праз 73 гады пасьля заканчэньня вайны. Доўгія пэрыпэтыі стварэньня помніка вельмі дакладна адлюстроўваюць усе павароты і зыгзагі палітыкі вакол ушанаваньня гэтага трагічнага месца. Мэмарыял Трасьцянец — выдатная ілюстрацыя да вядомага пастулята, што гісторыя — гэта сучасная палітыка, зьвернутая назад.
У Беларусі помнікі загінулым у Вялікай Айчыннай вайне сустракаюцца на кожным кроку, фактычна ў кожнай вёсцы. І іх працягваюць ставіць. Бо, як вядома, памяць пра мінулую вайну была важным ідэалягічным сродкам легітымізацыі савецкай сыстэмы, і сёньня яна такі самы сродак легітымізацыі існага беларускага палітычнага рэжыму.
«Ніхто ня выжыў, ніводных уцёкаў». Адкрываецца мэмарыял у Благаўшчыне, якая была пеклам Галакосту
Трасьцянец — найбуйнейшае на тэрыторыі Беларусі месца масавага зьнішчэньня людзей у гады нямецка-фашысцкай акупацыі, адзін з найбуйнейшых у Эўропе канцэнтрацыйных лягераў. Ён стаіць у адным шэрагу з «Асьвенцімам», «Майданэкам» і іншымі падобнымі страшнымі «фабрыкамі сьмерці». Там загінулі 206,5 тысячы чалавек.
Аднак сапраўдны мэмарыял, адпаведны маштабу трагедыі, адкрываецца толькі цяпер. На гэта, дарэчы, зьвярнулі ўвагу ў сваім выступе прэзыдэнты Нямеччыны і Аўстрыі. Франк-Вальтэр Штайнмаер адзначыў, што «ўжо даўным-даўно трэба было вярнуць яго (Трасьцянец. — Аўт.) у гістарычную сьвядомасьць Эўропы». Прэзыдэнт Аўстрыі Аляксандар Ван дэр Бэл заявіў, што гісторыя Трасьцянца і яго ахвяр занадта доўга была белай плямай на карце памяці Заходняй Эўропы.
У Трасьцянцы адкрылі мэмарыял ахвярам нацызму. Што сказалі прэзыдэнты Аўстрыі і Нямеччыны
Дасюль самы вядомы мэмарыял у Беларусі — Хатынь, дзе было спалена 149 жыхароў.
Чаму так здарылася? Разгадка гэтага рэбусу палягае ў палітычным стаўленьні ўладаў да тых страшных падзей. Справа ў тым, што абсалютная большасьць тых, хто загінуў у лягеры Трасьцянец — габрэі, прычым пераважна прывезеныя з Эўропы. А ў савецкія часы тэрмін «Галакост» быў фактычна пад забаронаю. Гэта добра адлюстраваў у сваім блогу мой калега Валянцін Жданко. Таму што была палітыка схаванага антысэмітызму.
Але і ў постсавецкія часы, ужо падчас кіраваньня Лукашэнкі, стаўленьне да мэмарыялізацыі лягера «Трасьцянец» ня моцна памянялася. Бо, па-першае, ушаноўваньне ахвяр фашызму ня вельмі ўдала клалася на той ідэалягічны канцэпт Перамогі, які прасоўваюць беларускія ўлады. Гэта ідэя гераічнага супраціву, усенароднай барацьбы беларусаў, пераможнага подзьвігу савецкага народу. У гэты канцэпт лёгка ўпісваецца вайсковы парад як сымбаль вайсковай моцы.
А Трасьцянец неяк дрэнна стасуецца з гераічным мітам. Ён сымбалізуе трагедыю, гэта напамін пра вялізныя ахвяры вайны.
Па-другое, як ужо адзначана вышэй, асноўныя ахвяры, што загінулі ў Трасьцянцы, — гэта габрэі, пераважна прывезеныя з Эўропы (з Польшчы, Аўстрыі, Нямеччыны і Чэхаславаччыны). А менавіта з гэтымі краінамі ў афіцыйнага Менску шмат гадоў быў востры палітычны канфлікт. Можа, невыпадкова, што толькі 8 чэрвеня 2014 году ў Трасьцянцы была закладзена памятная капсула, а 22 чэрвеня 2015 году на тэрыторыі былога лягера адкрыта мэмарыяльная скульптура «Брама памяці». Якраз у гэты час, акурат пасьля Крыму, пачаўся працэс нармалізацыі адносін Беларусі з Эўразьвязам.
Каб стварыць мэмарыял у Трасьцянцы, спатрэбілася 70 год
Прыезд на адкрыцьцё мэмарыялу «Трасьцянец» прэзыдэнтаў Нямеччыны і Аўстрыі, дэлегацый зь іншых краін сьведчыць пра тое, што Беларусь паступова адкрываецца сьвету. Але Рада БНР у сваёй заяве выказала заклапочанасьць тым, што візыты прэзыдэнтаў Аўстрыі і Нямеччыны «будуць выкарыстаныя для легітымізацыі дыктатарскага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі» і гэта «будзе мець выключна нэгатыўны эфэкт на стан правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі».
Так, гэтыя і іншыя візыты эўрапейскіх палітыкаў у Менск сапраўды легітымізуюць рэжым Лукашэнкі. Але адначасова яны садзейнічаюць і міжнароднай легітымізацыі Беларусі як дзяржавы, што важна для ўсіх рупліўцаў беларушчыны. І як аддзяліць адно ад другога, рэжым ад краіны? Але гэта ўжо іншая, вялікая і складаная тэма.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.