Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прыняў прэзыдэнта Аўстрыі і паабяцаў неўзабаве прыехаць у Вену


Аляксандар Лукашэнка, Франк-Вальтэр Штайнмаер і Аляксандар Ван дэр Бэлен у Трасьцянцы
Аляксандар Лукашэнка, Франк-Вальтэр Штайнмаер і Аляксандар Ван дэр Бэлен у Трасьцянцы

29 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка прыняў у Палацы незалежнасьці Фэдэральнага прэзыдэнта Аўстрыі Аляксандра Ван дэр Бэлена.
Як паведамляе агенцтва БелТА, бліжэйшым часам плянуецца яшчэ адна сустрэча вышэйшых кіраўнікоў дзьвюх краінаў.

«Мы заўсёды рады бачыць кіраўніцтва Аўстрыі ў Беларусі. У нас ёсьць шмат агульнага, асабліва ў эканоміцы. Я думаю, у сувязі з вашым сёньняшнім візытам мы будзем здольныя яшчэ больш пашырыць супрацоўніцтва. Мы падтрымліваем шчыльныя адносіны зь цяперашнім канцлерам Аўстрыі і бліжэйшым часам сустрэнемся ў Вене. Я хачу, каб гэта была плённая сустрэча», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

Ён таксама падкрэсьліў вялікую ролю Аўстрыі ў нармалізацыі адносінаў Беларусі з Эўразьвязам, гарантаваньні бясьпекі ў рэгіёне.

«Мы б вельмі хацелі, каб восеньню бягучага году на Менскай канфэрэнцыі па бясьпецы ў нашым рэгіёне прысутнічалі аўстрыйскія прадстаўнікі высокага ўзроўню. Мы б хацелі мець салідны дыялёг па разьвіцьці працэсу бясьпекі ў нашым рэгіёне», — падсумаваў Аляксандар Лукашэнка.

Сёньня ва ўрочышчы Благаўшчына пад Менскам адбыліся ўрачыстае адкрыцьцё другой чаргі мэмарыяльнага комплексу «Трасьцянец» і мітынг-рэквіем на месцы, дзе ў час Другой усясьветнай вайны нацысты зьнішчылі больш за 200 тысяч чалавек, пераважна габрэяў.

У цырымоніі ўзялі ўдзел Аляксандар Лукашэнка, а таксама дэлегацыі пяці краінаў: Аўстрыі, Ізраілю, Нямеччыны, Польшчы і Чэхіі. Аўстрыйскую дэлегацыю ўзначаліў прэзыдэнт Аляксандар Ван дэр Бэлен (таксама прыехаў экс-прэзыдэнт Гайнц Фішэр), нямецкую — прэзыдэнт Франк-Вальтэр Штайнмаер, польскую — дзяржаўны сакратар канцылярыі прэзыдэнта Кшыштаф Шчэрскі, чэскую — намесьнік старшыні Палаты дэпутатаў Войцех Філіп.

Ад Усясьветнага габрэйскага кангрэсу прыбыў намесьнік старшыні выканаўчага дырэктара ў пытаньнях дыпляматыі Марам Штэрн.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG