Аршанец Раман Кузьмянкоў спрабаваў аспрэчыць пакараньне за аднаасобны пікет супраць нізкіх заробкаў у Беларусі. Аднак абласны суд ня толькі не адмяніў штраф, але й пастанавіў зьнішчыць сканфіскаваны міліцыянтамі плякат.
За пікет 14 траўня ў Воршы Раман Кузьмянкоў быў аштрафаваны на 490 рублёў. Гэты штраф ён і спрабаваў аспрэчыць у Віцебскім абласным судзе, аднак судзьдзя Ірына Смалякова скаргу не задаволіла. Праўда, унесла зьмены ў рашэньне Аршанскага райсуду: пастанавіла зьнішчыць плякат «Па 500 тут няма», зь якім Раман Кузьмянкоў пасьпеў выйсьці на пікеты ўжо двойчы.
Паводле Кузьмянкова, ён папярэджваў аршанскія ўлады пра свае акцыі і тлумачыў іх незадаволенасьцю нізкімі заробкамі. З пратэставым плякатам яму ўдалося прастаяць усяго 15 хвілін каля помніка Леніну на цэнтральнай плошчы гораду 14 траўня, і каля 10 хвілін — 21 траўня каля крамы на вуліцы Сямёнава ў «спальным раёне» Воршы.
Пасьля другога пікету хлопца накіравалі на псыхіятрычную экспэртызу. Лекары адхіленьняў ня выявілі, і пікетоўца зноў аштрафавалі — ужо на 539 рублёў.
Пра пікеты і допісы на сайт Аршанскага райвыканкаму хлопца некалькі разоў дапыталі ў Сьледчым камітэце. Паводле Рамана Кузьмянкова, яго падазраюць у абразе Аляксандра Лукашэнкі і дыскрэдытацыі мясцовых чыноўнікаў.
15 траўня ў ягонай кватэры правялі ператрус — забралі кампутар, непрацоўную друкарку, флэшку і зьменны дыск. Рэчы дагэтуль не вярнулі.
Раман Кузьмянкоў кажа, што напіша новы плякат.